![]() | ||
---|---|---|
Новый Завет Уэсткотта-Хорта (27) Библия на украинском языке (66) Новый Завет Нестле-Аланда (27) Библия на белорусском языке (66) |
Бiблiя беларуская - пераклад Василя Сёмухи Софон 1 Гора гораду нячыстаму і апаганенаму, прыгнятальніку! 2 Ня слухае голасу, ня прымае настаўленьняў, на Госпада не спадзяецца, да Бога свайго не набліжаецца. 3 Князі яго сярод яго - рыклівыя ільвы, судзьдзі яго - вечаровыя ваўкі, якія не пакідаюць да раніцы ніводнай косткі. 4 Прарокі яго - людзі легкадумныя, вераломныя; сьвятары яго апаганьваюць сьвятыню, топчуць закон. 5 Гасподзь праведны пасярод яго, ня чыніць няпраўды, кожнае раніцы яўляе суд свой нязьменна; але беззаконьнік ня ведае сораму. 6 Я вынішчыў народы, разбурыў цьвярдыні іхнія; спустошыў вуліцы іхнія, так што ніхто ўжо ня ходзіць па іх; спляжаны гарады іхнія: няма ніводнага чалавека, няма жыхароў. 7 Я казаў: "бойся толькі Мяне, прымай настаўленьне"! і ня будзе зьнішчана жытлішча ягонае, і не спасьцігне яго ліха, якое Я пастанавіў яму; а яны рупліва стараліся псаваць усе свае дзеяньні. 8 Дык вось, чакайце мяне, кажа Гасподзь, да таго дня, калі Я паўстану дзеля спусташэньня, бо Мною вызначана сабраць народы, склікаць царствы, каб выліць на іх абурэньне Маё; бо агнём палкасьці Маёй зжэрта будзе ўся зямля. 9 Тады зноў Я дам народам вусны чыстыя, каб усе заклікалі імя Госпада і служылі Яму аднадушна. 10 З пазарэчных краін Эфіопіі прыхільнікі Мае - дзеці расьсеяных Маіх - прынясуць Мне дарункі. 11 У той дзень ты ня будзеш сарамаціць сябе рознымі ўчынкамі тваімі, якімі ты грашыў супроць Мяне, бо тады Я выдалю спасярод цябе тых, якія марнаславяцца тваёй знакамітасьцю, і ня будзеш болей упадаць у пыху на сьвятой гары Маёй. 12 Але пакіну сярод цябе народ пакорлівы і просты, і яны будуць спадзявацца на імя Гасподняе. 13 Рэшта Ізраіля ня будзе рабіць няпраўды, ня будзе гаварыць маны, і ня знойдзецца ў вуснах у іх языка падступнага, бо самыя будуць пасьвіцца і пакоіцца, і ніхто не патрывожыць іх. 14 Радуйся, дачка Сіёна! трыюмфуй, Ізраіле! Весяліся і радуйся ад усяго сэрца, дачка Ерусаліма! 15 Адмяніў Гасподзь прысуд над табою, прагнаў ворага твайго! Гасподзь, цар Ізраілеў, пасярод цябе: ужо болей ня ўбачыш ліха. 16 У той дзень скажуць Ерусаліму: "ня бойся", і Сіёну: "хай жа ня слабнуць рукі твае! 17 Гасподзь Бог твой сярод цябе: Ён мае сілу ўратаваць цябе; узьвяселіцца за цябе радасьцю, будзе літасьцівы паводле любові Сваёй, будзе радавацца за цябе зь весялосьцю". 18 Наракальнікаў на радасныя сьвяты Я зьбяру; твае яны, на іх цісьне паганьбеньне. 19 Вось, Я ўцісну ўсіх уціскальнікаў тваіх у той час і выратую кульгавае, і зьбяру расьсеянае, і прывяду іх у пашану і знакамітасьць на ўсёй гэтай зямлі паганьбеньня іхняга. 20 У той час прывяду вас і тады зьбяру вас; бо зраблю вас знакамітымі і ганаровымі сярод усіх народаў зямлі, калі вярну палон ваш перад вачыма вашымі, кажа Гасподзь. |
SAPE |
© The FontCity, ltd, 2011