![]() | ||
---|---|---|
Новый Завет Уэсткотта-Хорта (27) Библия на украинском языке (66) Новый Завет Нестле-Аланда (27) Библия на белорусском языке (66) |
Бiблiя беларуская - пераклад Василя Сёмухи 2-я Царстваў 1 Пасьля сьмерці Саўла, калі Давід вярнуўся ад разгрому Амалікіцянаў і прабыў у Сэкелагу два дні, 2 вось, на трэці дзень прыходзіць чалавек з табара Саўлавага: вопратка на ім падраная і пыл на галаве ягонай. Прыйшоўшы да Давіда, ён упаў на зямлю і пакланіўся. 3 І сказаў яму Давід: адкуль ты прыйшоў? І сказаў той: я ўцёк з табара Ізраільскага. 4 І сказаў яму Давід: што адбылося? раскажы мне. І той сказаў: люд пабег зь бітвы, і мноства зь люду ўпала і памерла, і памерлі і Саўл і сын ягоны Ёнатан. 5 І сказаў Давід хлопчыку, які расказваў яму: як ты ведаеш, што Саўл і сын яго Ёнатан памерлі? 6 і сказаў хлопчык, які расказваў Яму: я выпадкова прыйшоў на гару Гэлвуйскую, і вось, Саўл упаў на сваю дзіду, а калясьніцы і верхаўцы даганялі яго. 7 Тады ён азірнуўся назад і, угледзеўшы мяне, паклікаў мяне. 8 І я сказаў: вось я. Ён сказаў мне: хто ты? І я сказаў яму: я - Амалікіцянін. 9 Тады ён сказаў мне: падыдзі да мяне і забі мяне, бо скруха сьмяротная агарнула мяне, душа мая ўсё яшчэ ўва мне. 10 І я падышоў да яго і забіў яго, бо ведаў, што ён ня будзе жывы пасьля свайго падзеньня; і ўзяў я вянок, які быў на галаве ў яго, і запясьце, якое было на руцэ ў яго, і прынёс іх гаспадару майму сюды. 11 Тады схапіў Давід вопратку сваю і падраў яе, таксама і ўсе людзі, якія былі зь ім, 12 і галасілі і плакалі, і пасьціліся да вечара за Саўла і за сына ягонага Ёнатана, і за народ Гасподні і за дом Ізраілеў, што загінулі яны ад меча. 13 І сказаў Давід хлопчыку, які расказваў яму: адкуль ты? і сказаў той: я - сын прыхадня Амалікіцяніна. 14 Тады Давід сказаў яму: як не пабаяўся ты падняць руку, каб забіць памазанца Гасподняга? 15 І паклікаў Давід аднаго хлопчыка і сказаў яму: падыдзі, забі яго. І той забіў яго, і ён памёр. 16 І сказаў яму Давід: кроў твая на галаве тваёй, бо твае вусны сьведчылі на цябе, калі ты казаў: я забіў памазанца Гасподняга. 17 І аплакаў Давід Саўла і сына ягонага Ёнатана гэтаю плачнаю песьняю 18 і загадаў навучыць сыноў Юдавых луку, як напісана ў кнізе праведнага, і сказаў: 19 краса твая, о Ізраіле, разьбітая на вышынях тваіх! як загінулі моцныя! 20 Не расказвайце ў Гэце, не абвяшчайце на вуліцах Аскалона, каб ня радаваліся дочкі Філістымлянаў, каб не весяліліся дочкі неабрэзаных. 21 Горы Гэлвуйскія! ні раса, ні дождж на вас, хай ня будзе на вас палёў з пладамі, бо там павалены шчыт моцных, шчыт Саўла, як бы ня быў ён памазаны алеем. 22 Бяз крыві параненых, бяз тлушчу моцных лук Ёнатана не вяртаўся назад, і меч Саўлаў не вяртаўся марна. 23 Саўл і Ёнатан, любасныя і згодныя ў жыцьці сваім, не разлучыліся і ў сьмерці сваёй; імклівейшыя за арлоў, дужэйшыя за львоў яны былі. 24 Дочкі Ізраільскія! плачце па Саўле, які апранаў вас у пурпуру з акрасамі і здабываў на вопратку вашую залатыя аздобы. 25 Як загінулі моцныя ў бітве! Забіты Ёнатан на вышынях тваіх. 26 Смуткую па табе, браце мой Ёнатане; ты быў вельмі дарагі мне; любоў твая была мне вышэйшая за любоў жаночую. 27 Як загінулі моцныя, загінула зброя баявая! |
SAPE |
© The FontCity, ltd, 2011