![]() | ||
---|---|---|
Новый Завет Уэсткотта-Хорта (27) Библия на украинском языке (66) Новый Завет Нестле-Аланда (27) Библия на белорусском языке (66) |
Бiблiя беларуская - пераклад Василя Сёмухи Да Рымлянаў 1 Праўду кажу ў Хрысьце, ня хлушу, сьведчыць мне сумленьне маё ў Духу Сьвятым, 2 што вялікі мне смутак і няспынная болесьць сэрцу майму: 3 я хацеў бы сам быць адлучаны ад Хрыста за братоў маіх, родных мне па плоці; 4 гэта азначае, Ізраільцян, якім належаць усынаўленьне і слава, і запаветы і заканадаўства, і набажэнства і абяцаньні; 5 іхнія і бацькі, і ад іх Хрыстос па плоці, існы над ўсім Бог, дабраславёны навекі, амін. 6 Але ня тое, каб слова Божае ня спраўдзілася. Бо ня ўсе тыя Ізраільцяне, якія ад Ізраіля, 7 і ня ўсе дзеці Абрагамавыя, якія ад семені ягонага; а (сказана): "у Ісааку назавецца табе семя". 8 Гэта значыцца, ня плоцкія дзеці - дзеці Божыя; а дзеці абяцаньня прызнаюцца за семя. 9 А слова абяцаньня такое: "у гэты самы час прыйду, а ў Сары будзе сын". 10 І не адно гэта; а гэтак сама было і з Рэбэкаю, калі яна зачала ў адзін час двух сыноў ад Ісаака, бацькі нашага; 11 бо калі яны яшчэ не нарадзіліся і не зрабілі нічога добрага альбо благога (каб у пастанове Бог быў вольны выбіраць 12 залежна не ад учынкаў, а ад Таго, Хто кліча), - сказана было ёй: "большы будзе ў паслужэньні ў меншага", 13 як і напісана: "Якава Я палюбіў, а Ісава зьненавідзеў". 14 Што ж скажам? Няўжо несправядлівасьць у Бога? Зусім не! 15 Бо Ён кажа Майсею: "каго мілаваць, памілую; каго шкадаваць, пашкадую". 16 Дык вось, памілаваньне залежыць не ад таго, хто хоча і імкнецца, а ад Бога, Які мілуе. 17 Бо Пісаньне кажа фараону: "На тое Я і паставіў цябе, каб паказаць над табою сілу Маю, і каб прапаведана было імя Маё па ўсёй зямлі". 18 Дык вось, каго хоча, мілуе; а каго хоча, робіць жорсткім. 19 Ты скажаш мне: за што ж яшчэ дакарае? Бо хто ўсупрацівіцца волі Ягонай? 20 А ты хто, чалавеча, што спрачаешся з Богам? Ці скажа творыва творцу: навошта ты мяне так зрабіў? 21 Ці ж ня мае ганчар улады над глінаю, каб з таго самага месіва зрабіць адзін посуд на ганаровае ўжываньне, а другі - на буднае? 22 Што ж, калі Бог, хочучы паказаць гнеў і явіць магутнасьць Сваю, зь вялікай і доўгай цярплівасьцю пераносіў сасуды гневу, угатаваныя на пагібель, 23 каб разам выявіць багацьце славы Сваёй над посудамі міласэрнасьці, якія Ён падрыхтаваў для славы, - 24 над намі, каго Ён паклікаў ня толькі зь Юдэяў, але і зь язычнікаў? 25 Як і ў Асіі кажа: "ня Мой народ назаву Маім народам, і не каханую каханаю". 26 І на тым месцы, дзе сказана ім: "вы ня Мой народ, там названыя будуць сынамі Бога жывога". 27 А Ісая ўсклікае пра Ізраіля: "хай хоць будуць сыны Ізраіля лікам, як пясок марскі, толькі рэшта ўратуецца; 28 бо дзею заканчвае і скора вырашыць па праўдзе, дзею рашучую ўчыніць Гасподзь на зямлі" 29 і як прадказаў Ісая: "калі б Гасподзь Саваоф не пакінуў нам семені, мы зрабіліся б, як Садома, і былі б падобныя да Гаморы". 30 Што ж скажам? Што язычнікі, якія ня шукалі праведнасьці, атрымалі праведнасьць, праведнасьць ад веры; 31 а Ізраіль, які шукаў закона праведнасьці, не дайшоў да закона праведнасьці. 32 Чаму? Таму, што шукалі ня ў веры, а ў дзеях закона; бо спатыкнуліся аб камень спатыкненьня, 33 як напісана: "вось, кладу ў Сыёне камень спатыкненьня і скалу панады; і хто верыць у Яго, не пасароміцца". |
SAPE |
© The FontCity, ltd, 2011