![]() | ||
---|---|---|
Новый Завет Уэсткотта-Хорта (27) Библия на украинском языке (66) Новый Завет Нестле-Аланда (27) Библия на белорусском языке (66) |
Бiблiя беларуская - пераклад Василя Сёмухи Выслоўi 1 Слова Лемуіла цара. Настаўленьне, якое дала яму маці ягоная: 2 што, сыне мой? Што, сыне ўлоньня майго? Што, сыне зарокаў маіх? 3 Не аддавай жанчыне сілы тваёй, ні шляхоў тваіх пагубніцам цароў. 4 Не царам, Лемуіле, не царам піць віно, і не князям - сякеру, 5 каб, напіўшыся, яны не забылі закона і не перакруцілі суд усіх прыгнечаных. 6 Дайце сякеру таму, хто гіне, і віно засмучанаму душою; 7 хай ён вып'е і забудзе беднасьць сваю і не згадае больш пра сваю пакуту. 8 Размыкай вусны свае за безгалосага і дзеля абароны ўсіх занядбаных. 9 Размыкай вусны свае дзеля правасудзьдзя і дзеля беднага і гаротнага. 10 Хто знойдзе дабрадзейную жонку? цана яе вышэй за жэмчуг. 11 Пэўнае ў ёй сэрца мужа яе, і не застанецца ён бяз прыбытку. 12 Яна аддае яму дабром, а ня злом, ва ўсе дні жыцьця свайго. 13 Здабывае воўну і лён, і ахвотна працуе сваімі рукамі. 14 Яна, як купецкія караблі, здалёку вязе свой хлеб. 15 Яна ўстае на досьвітку, і раздае ежу ў доме сваім і належнае слугам сваім. 16 Падумае пра поле, і купляе яго; ад плёну рук сваіх садзіць вінаграднік. 17 Апярэзвае сілаю сьцёгны свае і мацуе мышцы свае. 18 Яна адчувае, што занятак яе добры, і - сьветач яе ня тухне і ўначы. 19 Працягвае рукі свае да прасьніцы, і пальцы яе бяруцца за верацяно. 20 Далоню сваю яна растуляе беднаму, і руку сваю падае ўбогаму. 21 Не баіцца сьцюжы для сям'і сваёй, бо ўся сям'я яе апранута ў двайную адзежу. 22 Яна робіць сабе дываны; вісон і пурпура - вопратка яе. 23 Муж яе вядомы каля брамы, калі сядзіць са старэйшынамі зямлі. 24 Яна робіць покрывы, і прадае, і паясы дастаўляе купцам Фінікійскім. 25 Моц і прыгажосьць яе - вопратка яе, і весела глядзіць яна ў будучыню. 26 Вусны свае растуляе з мудрасьцю, і добрая парада на языку ў яе. 27 Яна сочыць за гаспадаркай у доме сваім і ня есьць хлеба гультайскага. 28 Устаюць дзеці - і дагаджаюць ёй, - муж, і хваліць яе: 29 "шмат было жонак дабрадзейных; але ты пераўзышла іх усіх". 30 Мілавіднасьць падманлівая і прыгажосьць марная; а жонка, якая баіцца Госпада, вартая пахвалы. 31 Дайце ёй ад плёну рук яе, і хай праславяць яе каля брамы ўчынкі яе! |
SAPE |
© The FontCity, ltd, 2011