![]() | ||
---|---|---|
Новый Завет Уэсткотта-Хорта (27) Библия на украинском языке (66) Новый Завет Нестле-Аланда (27) Библия на белорусском языке (66) |
Бiблiя беларуская - пераклад Василя Сёмухи Выслоўi 1 Не зайздросьці ліхім людзям і ня прагні быць зь імі: 2 бо пра насільле думае сэрца іхняе, і пра ліхое гавораць вусны іхнія. 3 Мудрасьцю ладзіцца дом і розумам сталюецца, 4 і праз гаспадарчасьць нутро яго напаўняецца ўсякай каштоўнай і прыемнай маёмасьцю. 5 Чалавек мудры - дужы, і чалавек разумны мацуе сілу сваю. 6 Таму абдумана вядзі вайну тваю, і посьпех будзе пры мностве радцаў. 7 Неразумнаму мудрасьць занадта высокая; каля брамы не разамкне ён вуснаў сваіх. 8 Хто намышляе зрабіць зло, таго называюць зламысьнікам. 9 Намысел неразумнага - грэх, і блюзьнер - мярзота людзям. 10 Калі ты ў дзень бедства зьнясіліўся, дык бедная сіла твая. 11 Ратуй узятых на сьмерць, і няўжо ты адмовішся ад асуджаных на ўбой? 12 Ці скажаш: "вось, мы ня ведалі гэтага?" А Выпрабавальнік сэрцаў хіба ня ведае? Назіральнік за душою тваёю ведае гэта і дасьць чалавеку паводле ўчынкаў ягоных. 13 Еж, сыне мой, мёд, бо ён смачны, і сотавы, бо ён салодкі паднябеньню майму: 14 такое і спазнаньне мудрасьці для душы тваёй. Калі ты знайшоў яе, дык ёсьць будучыня, і надзея твая ня марная. 15 Не намышляй ліха, бязбожнік, супроць жытлішча праведнага; ня спустошвай месца спакою ягонага. 16 Бо сем разоў упадзе праведнік і ўстане; а бязбожныя тонуць у пагібелі. 17 Ня радуйся, калі ўпадзе вораг твой; і хай не весяліцца сэрца тваё, калі ён спатыкнецца. 18 Інакш убачыць Гасподзь, і не даспадобы будзе Яму гэта, і Ён адверне ад яго Свой гнеў. 19 Не абурайся ліхадзеямі і не зайздросьці бязбожнікам: 20 бо ліхі ня мае будучыні - сьветач бязбожных патухне. 21 Бойся, сыне мой, Госпада і цара; і зь мяцежнікамі ня супольнічай, 22 бо зьнянацку прыйдзе пагібель на іх; і бяду ад іх абодвух хто загадзя ўведае? 23 Сказана таксама мудрымі: зважаць на асобы ў судзе - нядобра. 24 Хто кажа вінаватаму: "твая праўда", таго праклянуць народы, таго зьненавідзяць плямёны; 25 а тыя, што судзяць справядліва, будуць любасныя, бо прыйдзе на іх дабраславеньне. 26 У вусны цалуе той, хто адказвае словамі правільнымі. 27 Зрабі справы свае па-за домам, закончы іх на полі тваім, а потым уладжвай і дом твой. 28 Ня сьведчы ілжыва на блізкага твайго; навошта табе ашукваць вуснамі тваімі? 29 Не кажы: "як ён зрабіў са мною, так і я зраблю зь ім, адплачу чалавеку паводле ўчынкаў ягоных". 30 Праходзіў я ўскрай поля чалавека лянівага і ўскрай вінаградніка чалавека неразумнага. 31 І вось, усе гэта зарасло крапівою, паверхня яго збуяла бадзякамі, і каменны мур абваліўся. 32 І падзівіўся я, і ўзяў да сэрца, і ўбачыў, і атрымаў навуку: 33 "крыху пасьпіш, крыху падрэмлеш, крыху, рукі згарнуўшы, паляжыш; 34 і прыйдзе беднасьць твая, як разбойнік, і галеча твая - як чалавек узброены". |
SAPE |
© The FontCity, ltd, 2011