![]() | ||
---|---|---|
Новый Завет Уэсткотта-Хорта (27) Библия на украинском языке (66) Новый Завет Нестле-Аланда (27) Библия на белорусском языке (66) |
Бiблiя беларуская - пераклад Василя Сёмухи Выслоўi 1 Мудры сын слухае бацькавых настаўленьняў; а насьмешнік ня слухае засьцярогаў. 2 Ад плоду вуснаў сваіх чалавек спажывае дабро, а душа здраднікаў закона - зло. 3 Хто захоўвае вусны свае, той захоўвае душу сваю, а хто шырока свой рот разьзяўляе, таму бяда. 4 Душа гультая жадае, але марна: а душа руплівых насыціцца. 5 Праведнік ненавідзіць ілжывае слова, а бязбожны сарамаціць і ганьбіць сябе. 6 Праўда ахоўвае беззаганнага ў дарозе, а бязбожнасьць губіць грэшнікаў. 7 Сёй-той выдае сябе за багатага, а ў яго нічога няма; другі сябе за беднага, а ў яго багацьця многа. 8 Багацьцем сваім чалавек адкупляе жыцьцё сваё, а бедны і пагрозы ня чуе. 9 Сьвятло праведных весела гарыць; а сьветач бязбожных тухне. 10 Ад пыхі паходзіць разлад, а ў тых, што раяцца, - мудрасьць. 11 Багацьце ад марнасьці памяншаецца, а хто зьбірае працаю, памнажае яго. 12 Надзея, якая доўга ня праўдзіцца, стамляе сэрца, а жаданьне, якое споўнілася, - як дрэва жыцьця. 13 Хто пагарджае словам, той робіць шкоду сабе; а хто баіцца запаведзі, будзе ўзнагароджаны. 14 Навука ў мудрага - крыніца жыцьця, якая аддаляе ад сьмерці. 15 Добры розум дае зычлівасьць; а дарога бязбожных цьвёрдая. 16 Кожны разумны дзее зь веданьнем, а немысель выстаўляе на паказ дурасьць. 17 Неразумны пасол трапляе ў бяду, а верны пасланец - ратунак. 18 Галеча і ганьба таму, хто пагарджае навукай; а хто трымаецца настаўленьня, пашанаваны будзе. 19 Жаданьне, якое споўнілася, - прыемнае душы; агідна неразумнаму ўхіляцца ад зла. 20 Хто сябруе з мудрым, будзе мудры; а хто сябруе зь неразумнымі, разбэсьціцца. 21 Грэшнікаў даганяе зло, а праведнікам дасца дабро. 22 Добры пакідае спадчыну і ўнукам, а багацьце грэшніка зьберагаецца праведнаму. 23 Шмат хлеба бывае і на палетку ў бедных; але маёмасьць гіне ад бяспраўя. 24 Хто шкадуе дубца свайго, той ненавідзіць сына; а хто любіць, той змалку карае яго. 25 Праведнік есьць да сытасьці, а жывот бязбожных церпіць нястачы. |
SAPE |
© The FontCity, ltd, 2011