![]() | ||
---|---|---|
Новый Завет Уэсткотта-Хорта (27) Библия на украинском языке (66) Новый Завет Нестле-Аланда (27) Библия на белорусском языке (66) |
Бiблiя беларуская - пераклад Василя Сёмухи Да Фiлiпянаў 1 Дык вось, калі ёсьць якая ўцеха ў Хрысьце, калі ёсьць якая радасьць любові, калі ёсьць якая супольнасьць Духа, калі ёсьць які мілажаль у сэрцы і спагадлівасьць, 2 дык дапоўніце маю радасьць: майце адны думкі, майце тую ж любоў, будзьце аднадушныя і аднамысныя; 3 нічога не рабеце зь перакорлівасьці альбо дзеля марнае славы, а ў пакорлівай мудрасьці ўважайце адно аднаго вышэй за сябе. 4 Не за сябе толькі клопат майце, а кожны і за іншых. 5 Бо ў вас павінны быць тыя самыя адчуваньні, як і ў Хрысьце Ісусе; 6 Ён, быўшы ў Божай прыродзе, не палічыў за рабунак Сваю роўнасьць з Богам, 7 а прынізіў Сябе Самога, узяўшы вобраз раба, зрабіўшыся падобным на людзей і з выгляду стаўшыся, як чалавек; 8 упакорыў Сябе і быў паслухмяны аж да сьмерці, і сьмерці крыжовай. 9 Таму і Бог узьнёс Яго і даў Яму імя вышэй за ўсякае імя, 10 каб прад імем Ісуса схілілася кожнае калена на небе, зямлі і ў апраметнай, 11 і кожныя вусны вызнавалі, што Ісус Хрыстос ёсьць Гасподзь на славу Бога Айца. 12 Дык вось, любасныя мае, як вы заўсёды былі паслухмяныя ня толькі ў прысутнасьці маёй, але яшчэ болей сёньня ў адсутнасьці маёй, са страхам і трымценьнем выконвайце сваё збавеньне, 13 бо гэта Бог учыняе ў вас і хаценьне і дзеяньне па Сваім упадабаньні. 14 Усё рабеце без нараканьня і сумненьня, 15 каб вам быць бездакорнымі і чыстымі дзецьмі Божымі, беспахібнымі сярод упарцістага і разбэшчанага роду, у якім вы зьзяеце, як сьвяцілы ў сьвеце, 16 ашчаджаючы слова жыцьця на пахвалу мне ў дзень Хрыстовы, што я ня марна змагаўся і ня марна працаваў. 17 Але калі я і мушу зрабіцца ахвяраю за ахвяру і служэньне веры вашай, дык радуюся і цешуся разам з усімі за вас; 18 за гэта самае і вы радуйцеся і цешцеся са мною. 19 Спадзяюся ж у Госпадзе Ісусе неўзабаве паслаць да вас Цімафея, каб і я, даведаўшыся пра вашыя абставіны, суцешыўся духам. 20 Бо няма ў мяне нікога роўнага яму ў рупнасьці, хто б так шчыра дбаў пра вас; 21 бо ўсе шукаюць свайго, а не таго, што даспадобы Ісусу Хрысту. 22 А ягоная вернасьць вам вядомая, бо ён, як сын пры бацьку, служыў мне ў зьвеставаньні. 23 І вось я спадзяюся паслаць яго адразу ж, як толькі даведаюся, што будзе са мною. 24 Я ўпэўнены ў Госпадзе, што і сам хутка прыйду да вас. 25 Урэшце я палічыў патрэбным паслаць да вас Эпафрадыта, брата і супрацоўніка і падзьвіжніка майго ў змаганьні, а вашага пасланца і службіта ў патрэбе маёй, 26 бо ён моцна хацеў бачыць вас і цяжка журыўся, што да вас дайшлі чуткі пра ягоную хваробу. 27 Бо ён быў хворы пры сьмерці; але Бог памілаваў яго, і не яго толькі, але і мяне, каб не дадалося мне жальбы да жальбы. 28 Таму я хутчэй паслаў яго, каб вы, убачыўшы яго зноў, парадаваліся, і я быў меней засмучаны. 29 Прымеце ж яго ў Госпадзе з усякаю радасьцю, і такіх майце ў пашане, 30 бо ён за справу Хрыстовую хадзіў каля сьмерці, ставіў жыцьцё пад пагрозу, каб дапоўніць недахоп вашых паслугаў мне. |
SAPE |
© The FontCity, ltd, 2011