![]() | ||
---|---|---|
Новый Завет Уэсткотта-Хорта (27) Библия на украинском языке (66) Новый Завет Нестле-Аланда (27) Библия на белорусском языке (66) |
Бiблiя беларуская - пераклад Василя Сёмухи Лiкi 1 І наказаў Гасподзь Майсею, кажучы: 2 зрабі сабе дзьве срэбраныя трубы, каваныя зрабі іх, каб яны служылі табе на скліканьне супольства і каб здымаць табары; 3 калі затрубяць у іх, зьбярэцца да цябе ўсё супольства да ўваходу ў скінію сходу: 4 калі ў адну трубу затрубяць, зьбяруцца да цябе князі і тысячнікі Ізраільскія; 5 калі затрубіце трывогу, падымуцца табары, што стаяць з усходу; 6 калі другі раз затрубіце трывогу, падымуцца табары, што стаяць з поўдня; трывогу няхай трубяць, калі яны выпраўляюцца ў дарогу; 7 а калі трэба склікаць сход, трубеце, але ня трывогу; 8 сыны Ааронавыя, сьвятары, павінны трубіць у трубы: гэта будзе вам пастанова вечная ў роды вашыя; 9 і калі пойдзеце на вайну ў зямлі вашай супроць ворага, які наступацьме на вас, трубеце трывогу ў трубы, - і будзеце ўспомненыя перад Госпадам, Богам вашым, і ўратаваныя будзеце ад ворагаў вашых; 10 і ў дзень весялосьці вашай, і ў сьвяты вашыя, і ў час маладзікоў вашых трубеце ў трубы пры цэласпаленьнях вашых і пры мірных ахвярах вашых, - і гэта будзе нагадваць пра вас перад Богам вашым. Я Гасподзь, Бог ваш. 11 На другі год, у другі месяц, на дваццаты дзень месяца, паднялося воблака ад скініі адкрыцьця; 12 і выправіліся сыны Ізраілевыя па табарах сваіх з пустыні Сінайскай, і спынілася воблака ў пустыні Фаран. 13 І падняліся яны першы раз, па загадзе Гасподнім, дадзеным праз Майсея. 14 Падняты быў найперш прапар сыноў Юдавых па рушэньнях іхніх; над рушэньнем іхнім Наасон, сын Амінадаваў; 15 і над рушэньнем племені сыноў Ісахаравых Натанаіл, сын Цуараў; 16 і над рушэньнем племені сыноў Завулонавых Эліяў, сын Хэлонаў. 17 І зьнята была скінія, і пайшлі сыны Гірсонавыя і сыны Мэрарыныя, якія носяць скінію. 18 І падняты быў сьцяг табару Рувімавага па рушэньнях іхніх; і над рушэньнем ягоным Эліцур, сын Шэдэураў; 19 і над рушэньнем племені сыноў Сымонавых Шэлумііл, сын Цурышадаеў; 20 і над рушэньнем племені сыноў Гадавых Эліясаф, сын Рэгуілаў. 21 Потым пайшлі сыны Каатавыя, якія носяць сьвятыню; а скінію ставілі да іхняга прыходу. 22 і падняты быў сьцяг табару сыноў Яфрэмавых па рушэньнях іхніх; і над рушэньнем іхнім Элішама, сын Аміудаў; 23 і над рушэньнем племені сыноў Манасііных Гамалііл, сын Пэдацураў: 24 і над рушэньнем племені сыноў Веньямінавых Авідан, сын Гідэонаў. 25 Апошні з усіх табараў падняты быў сьцяг табару сыноў Данавых з рушэньнямі іхнімі: і над рушэньнем іхнім Ахіезэр, сын Амішадаеў; 26 і над рушэньнем племені сыноў Асіравых Пагііл, сын Ахранаў; 27 і над рушэньнем племені сыноў Нэфталімавых Ахіра, сын Энанаў. 28 Вось парадак шэсьця сыноў Ізраілевых па рушэньнях іхніх. І выправіліся яны. 29 І сказаў Майсей Хававу, сыну Рагуілаваму, Мадыяніцяніну, родзічу Майсееваму: мы выпраўляемся ў тую мясьціну, пра якую Гасподзь сказаў: вам аддам яе; ідзі з намі, мы зробім табе дабро, бо Гасподзь добрае мовіў пра Ізраіля. 30 Але ён сказаў яму: не пайду; я пайду ў сваю зямлю і на сваю радзіму. 31 А Майсей сказаў: не пакідай нас, бо ты ведаеш, як разьмяшчаемся мы табарам у пустыні, і будзеш нам вокам; 32 калі пойдзеш з намі, дык дабро, якое Гасподзь зробіць нам, мы зробім табе. 33 І выправіліся яны ад гары Гасподняй на тры дні дарогі, і, каб нагледзець мясьціну, дзе спыніцца. 34 І воблака Гасподняе ахінала іх удзень, калі яны выпраўляліся з табару. 35 Калі падымаўся каўчэг у дарогу, Майсей казаў: паўстань, Госпадзе, і рассыплюцца ворагі Твае, і пабягуць ад аблічча Твайго ненавісьнікі Твае! 36 А калі спыняўся каўчэг, ён казаў: вярніся Госпадзе, да тысячаў і цьмоў Ізраілевых! |
SAPE |
© The FontCity, ltd, 2011