![]() | ||
---|---|---|
Новый Завет Уэсткотта-Хорта (27) Библия на украинском языке (66) Новый Завет Нестле-Аланда (27) Библия на белорусском языке (66) |
Святое Дабравесце (па Беларуску) пераклад Бiблейскай камiсii БПЦ МП Святое Дабравесце паводле Матфея 1 Глядзіце, не выстаўляйце праведнасці вашай перад людзьмі, каб яны бачылі вас: інакш няма вам узнагароды ад Айца вашага, Які ёсць у нябёсах. 2 Дык вось, калі даеш міласціну, не трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў сінагогах і на вуліцах, каб услаўлялі іх людзі. Праўду кажу вам: яны атрымліваюць узнагароду сваю. 3 У цябе ж, калі даеш міласціну, няхай не велае левая рука твая, што робіць правая, 4 каб міласціна твая была ў тайнасці, і Айцец твой, Які бачыць у тайнасці, аддасць табе на яве. 5 І калі молішся, не будзь, як крывадушнікі, што любяць у сінагогах і на рагах вуліц, стоячы, маліцца, каб выставіцца перад людзьмі. Праўду кажу вам, што яны атрымліваюць узнагароду сваю. 6 Ты ж, калі молішся, зайдзі ў пакой твой і, зачыніўшы дзверы твае, памаліся Айцу твайму, Які ў тайнасці; і Айцен твой, Які бачыць у тайнасці, аддасць табе на яве. 7 А молячыся, не гаварыце лішняга, бы язычнікі; бо яны думаюць, што ў мнагаслоўі сваім пачутыя будуць; 8 дык не будзьце ж падобныя да іх; бо ведае Айцец ваш, у чым вы маеце патрэбу, раней, чым вы ў Яго папросіце. 9 Дык вось, маліцеся так: Ойча наш, Які ёсць у нябёсах! Няхай свяціцца імя Тваё; 10 Няхай прыйдзе Царства Тваё; няхай будзе воля Твая як на небе, і на зямлі; 11 хлеб наш надзённы дай нам сёння; 12 і даруй нам даўгі нашы, як і мы даруем даўжнікам нашым; 13 і не ўвядзі нас у спакусу, але збаў нас ад ліхога; бо Тваё ёсць Царства і сіла і слава навекі. Амінь. 14 Бо калі вы будзеце дараваць людзям правіны іх, дык даруе і вам Айцец ваш Нябесны; 15 а як не будзеце дараваць людзям іх правінаў, дык і Айцец ваш не даруе вам правінаў вашых. 16 І калі посціце, не будзьце панурыя, як крывадушнікі; бо яны памрочваюць абліччы свае, каб паказаць сябе людзям поснікамі. Праўду кажу вам, што яны атрымліваюць узнагароду сваю. 17 А ты, калі посціш, намасці галаву тваю і ўмый аблічча тваё, 18 каб явіцца поснікам не перад людзьмі, а перад Айцом тваім, Які ў тайнасці; і Айцец твой, Які бачыць у тайнасці, аддасць табе на яве. 19 Не збірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і ржа нішчаць і дзе зладзеі падкопваюцца і крадуць: 20 а збірайце сабе скарбы на небе, дзе ні моль, ні ржа не знішчаюць і дзе зладзеі не падкопваюцца і не крадуць; 21 бо дзе скарб ваш, там будзе і сэрца ваша. 22 Свяцільнік целу ёсць вока. Дык вось, калі вока тваё будзе чыстае, то ўсё цела тваё светлае будзе; 23 калі ж вока тваё будзе ліхое, то ўсё цела тваё цёмнае будзе. І вось, калі святло, якое ў табе, - цемра, дык якая ж цемра? 24 Ніхто не можа служыць двум гаспадарам: бо альбо аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць; альбо аднаго пачне трымацца, а другім будзе пагарджаць. Не можаце служыць Богу і мамоне. 25 Таму кажу вам: не турбуйцеся дзеля душы вашае, што вам есці і што піць, ні дзеля цела вашага, у што апрануцца. Ці ж душа не большая за ежу, і цела - за вопратку? 26 Зірніце на птушак нябесных: яны не сеюць, ні жнуць, ні збіраюць у жытніцы; і Айцец ваш Нябесны корміць іх. Ці ж вы не намнога лепшыя за іх? 27 Ды і хто з вас, турбуючыся, можа дадаць сабе росту хоць на адзін локаць? 28 І пра вопратку што турбуецеся? Паглядзіце на лілеі палявыя, як яны растуць: не працуюць, ні прадуць; 29 але кажу вам, што і Саламон ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як кожная з іх; 30 калі ж траву палявую, якая сёння ёсць, а заўтра будзе кінута ў печ, Бог так апранае, наколькі ж болей вас, малаверы! 31 Дык вось, не турбуйцеся і не кажыце: "што нам есці?" альбо: "што піць?" альбо: "у што апрануцца?". 32 Бо ўсяго гэтага шукаюць язычнікі; ведае бо Айцец ваш Нябесны, што вы маеце патрэбу ва ўсім гэтым. 33 Шукайце ж найперш Царства Божага і праўды Яго, і гэта ўсё дадасца вам. 34 Дык вось, не турбуйцеся заўтрашнім днём, бо заўтрашні сам за сябе патурбуецца: досыць кожнаму дню свайго клопату. |
SAPE |
© The FontCity, ltd, 2011