![]() | ||
---|---|---|
Новый Завет Уэсткотта-Хорта (27) Библия на украинском языке (66) Новый Завет Нестле-Аланда (27) Библия на белорусском языке (66) |
Святое Дабравесце (па Беларуску) пераклад Бiблейскай камiсii БПЦ МП Святое Дабравесце паводле Матфея 1 Калі ж настала раніца, зрабілі нараду ўсе першасвятары і старэйшыны народу супраць Іісуса, каб аддаць Яго на смерць: 2 і звязаўшы Яго, завялі і перадалі Яго Понцію Пілату, намесніку. 3 Тады Іуда, які выдаў Яго, убачыўшы, што засудзілі Яго, і раскаяўшыся, аддаў трыццаць срэбранікаў першасвятарам і старэйшынам, 4 кажучы: саграшыў я, прадаўшы кроў нявінную. Яны ж сказалі: што нам да таго? глядзі сам. 5 І кінуўшы срэбранікі ў храме, ён адышоў; і пайшоўшы, павесіўся. 6 Першасвятары, узяўшы срэбранікі, сказалі: не дазваляецца класці іх у храмавую скарбніцу, бо гэта цана крыві. 7 І зрабіўшы нараду, купілі на іх поле ганчара для пахавання чужынцаў; 8 таму і называецца поле тое "полем крыві" па сённяшні дзень; 9 тады збылося сказанае праз прарока Іерамію, які кажа: "і ўзялі трыццаць срэбранікаў, цану Ацэненага, Якога ацанілі сыны Ізраілевы, 10 і далі іх за поле ганчара, як сказаў мне Гасподзь". 11 Іісус жа стаў перад намеснікам. І запытаў у Яго намеснік, кажучы: Ты Цар Іудзейскі? Іісус жа сказаў яму: ты кажаш. 12 І калі вінавацілі Яго першасвятары і старэйшыны, Ён нічога не адказваў. 13 Тады кажа Яму Пілат: ці не чуеш, колькі сведчаць супроць Цябе? 14 І не адказваў яму на ніводнае слова, так што намеснік вельмі здзіўляўся. 15 А на свята намеснік меў звычай адпускаць народу аднаго вязня, якога б хацелі. 16 Быў тады ў іх вядомы вязень, званы Варава. 17 І вось, як сабраліся яны, сказаў ім Пілат: каго хочаце, каб я адпусціў вам: Вараву ці Іісуса, якога завуць Хрыстом? 18 Бо ведаў, што з зайдрасці выдалі Яго. 19 Тым часам, як сядзеў ён на судовым месцы, жонка яго паслала яму сказаць: не рабі нічога Праведніку Таму, бо я сёння ў сне шмат адцярпела за Яго. 20 Але першасвятары і старэйшыны падбухторылі люд прасіць Вараву, а Іісуса загубіць. 21 Тады намеснік сказаў ім у адказ: каго хочаце з двух, каб я адпусціў вам? Яны сказалі: Вараву. 22 Кажа ім Пілат: што ж мне зрабіць з Іісусам, якога завуць Хрыстом? Кажуць яму ўсе: няхай будзе распяты! 23 Намеснік жа сказаў: якое ж ліха ўчыніў Ён? Але яны яшчэ мацней крычалі: няхай будзе распяты! 24 Пілат, бачачы, што нічога не дапамагае, а неспакой расце, узяў вады і ўмыў рукі перад людзьмі, кажучы: невінаваты я ў крыві Праведніка Гэтага; глядзіце самі. 25 І, адказваючы, увесь люд сказаў: Кроў Яго на нас і на дзецях нашых. 26 Тады адпусціў ім Вараву, а Іісуса, біўшы, аддаў на распяцце. 27 Тады воіны намеснікавы, узяўшы Іісуса ў прэторыю, сабралі на Яго цэлы полк, 28 і раздзеўшы Яго, надзелі на Яго баграніцу; 29 і, сплёўшы вянец з цёрну, усклалі на галаву Яму і далі Яму ў правую руку кій, і, стаўшы на калені перад Ім, кпілі з Яго, кажучы: радуйся, Цару Іудзейскі? 30 і плявалі на Яго і, узяўшы кій, білі па галаве Яго. 31 І калі накпіліся з Яго, знялі з Яго пурпуру і апранулі Яго ў адзежу Ягоную, і павялі Яго на распяцце. 32 Выходзячы, спаткалі яны аднаго Кірынеяніна, імем Сіман: яго і прымусілі несці крыж Яго. 33 І прыйшоўшы на месца, якое называецца Галгофа, што азначае "месца чэрапа", 34 далі Яму піць воцату, змяшанага з жоўцю; і, пакаштаваўшы, не хацеў піць. 35 Тыя, што ўкрыжавалі Яго, дзялілі адзежу Яго, кідаючы жэрабя; 36 і, седзячы, вартавалі Яго там; 37 і змясцілі над галавою Яго надпіс з віною Яго: гэта Іісус, Цар Іудзейскі. 38 Тады ўкрыжавалі з Ім двух разбойнікаў: аднаго па правы бок, а другога па левы. 39 А тыя, што міма праходзілі, зневажалі Яго, ківаючы галовамі сваімі 40 і кажучы: Ты, што разбураеш храм і за тры дні будуеш! уратуй Сябе Самога. Калі Ты Сын Божы, сыдзі з крыжа. 41 Падобна і першасвятары з кніжнікамі і старэйшынамі і фарысеямі, насміхаючыся, казалі: 42 іншых ратаваў, а Самога Сябе не можа ўратаваць. Калі Ён Цар Ізраілеў, няхай цяпер сыдзе з крыжа, і ўверуем у Яго; 43 спадзяваўся на Бога: няхай цяпер выбавіць Яго, калі Ён угодны Яму. Бо Ён сказаў: Я Божы Сын. 44 Таксама і разбойнікі, укрыжаваныя з Ім, ганьбілі Яго. 45 Ад шостай жа гадзіны цемра настала па ўсёй зямлі да гадзіны дзевятай; 46 а каля дзевятай гадзіны ўскрыкнуў Іісус моцным голасам, кажучы: Ілі, Ілі! лема савахфані? што азначае: Божа Мой, Божа Мой! чаму Ты Мяне пакінуў? 47 Некаторыя з тых, што стаялі там, чуючы гэта, казалі: Ілію кліча Ён. 48 І адразу пабег адзін з іх, узяў губку, намачыў у воцат і, насадзіўшы на кій, даваў Яму піць; 49 а другія казалі: чакай; пабачым, ці прыйдзе Ілія ўратаваць Яго. 50 Іісус жа, зноў ўскрыкнуўшы моцным голасам, спусціў дух. 51 І вось, завеса храма разадралася напалам, зверху данізу; і зямля здрыганулася; і каменне раскалолася; 52 і магілы расчыніліся; і многія целы памерлых паўсталі; 53 і выйшаўшы з магіл пасля ўваскрэсення Яго, ўвайшлі ў святы горад і явіліся многім. 54 Сотнік жа і тыя, што з ім вартавалі Іісуса, бачачы землятрус і ўсё, што адбылося, перапалохаліся вельмі і казалі: сапраўды Ён быў Сын Божы. 55 Там былі таксама і глядзелі здалёк многія жанчыны, якія ішлі следам за Іісусам з Галілеі, служачы Яму; 56 сярод іх былі Марыя Магдаліна і Марыя, маці Іакава і Іасіі, і маці сыноў Зевядзеевых. 57 Калі ж звечарэла, прыйшоў багаты чалавек з Арымафеі, імем Іосіф, які таксама вучыўся ў Іісуса; 58 ён, прыйшоўшы да Пілата, прасіў цела Іісусава. Тады Пілат загадаў аддаць цела. 59 І ўзяўшы цела, Іосіф абгарнуў яго чыстаю плашчаніцаю 60 і паклаў яго ў новай сваёй магіле, якую высек у скале; і прываліўшы вялікі камень да дзвярэй магілы, адышоў. 61 Была ж там Марыя Магдаліна і другая Марыя, якія сядзелі насупраць магілы. 62 На другі дзень, які ідзе за пятніцай, сабраліся першасвятары і фарысеі да Пілата 63 і казалі: пане! мы ўспомнілі, што ашуканец той, яшчэ калі быў жывы, сказаў: "праз тры дні ўваскрэсну"; 64 дык вось, загадай вартаваць магілу да трэцяга дня, каб вучні Яго, прыйшоўшы ўначы, не ўкралі Яго і не сказалі народу: "уваскрэс з мёртвых", і будзе апошняе ашуканства горшае за першае. 65 А Пілат сказаў ім: маеце варту; ідзіце, ахоўвайце, як ведаеце. |
SAPE |
© The FontCity, ltd, 2011