![]() | ||
---|---|---|
Новый Завет Уэсткотта-Хорта (27) Библия на украинском языке (66) Новый Завет Нестле-Аланда (27) Библия на белорусском языке (66) |
Святое Дабравесце (па Беларуску) пераклад Бiблейскай камiсii БПЦ МП Святое Дабравесце паводле Матфея 1 І сталася: калі скончыў Іісус усе словы гэтыя, дык сказаў вучням Сваім: 2 вы ведаеце, што праз два дні Пасха будзе, і Сын Чалавечы выдадзены будзе на ўкрыжаванне. 3 Тады сабраліся першасвятары і кніжнікі і старэйшыны народу ў двор першасвятара, якога звалі Каіафа, 4 і дамовіліся ўзяць Іісуса хітрасцю і забіць; 5 але казалі: толькі не ў свята, каб не сталася абурэння ў народзе. 6 Калі ж Іісус быў у Віфаніі, у доме Сімана пракажонага, 7 прыступіла да Яго жанчына з алебастравай пасудзінай міра шматкаштоўнага і ліла Яму на галаву, калі Ён узляжаў за сталом. 8 Убачыўшы, вучні Яго абурыліся і казалі: навошта такая трата? 9 бо можна было б прадаць гэтае міра за вялікія грошы і даць убогім. 10 Але Іісус, зразумеўшы гэта, сказаў ім: што бянтэжыце жанчыну? Яна добры ўчынак зрабіла для Мяне; 11 бо заўсёды убогіх вы маеце з сабою, а Мяне не заўсёды маеце; 12 бо ўзліўшы гэтае міра на Цела Маё, яна падрыхтавала Мяне да пахавання; 13 праўду кажу вам: дзе ні будзе абвешчана Дабравесце гэтае ў цэлым свеце, сказана будзе ў памяць яе і пра тое, што зрабіла яна. 14 Тады адзін з дванаццаці, якога звалі Іуда Іскарыёт, пайшоў да першасвятароў 15 і сказаў: што вы дасце мне, і я вам выдам Яго? Яны прапанавалі яму трыццаць срэбранікаў; 16 і з таго часу ён шукаў зручнай нагоды выдаць Яго. 17 У першы ж дзень праснакоў прыступілі вучні да Іісуса і сказалі Яму: дзе хочаш, каб мы прыгатавалі Табе есці пасху? 18 Ён жа сказаў: ідзіце ў горад да такога і такога і скажыце яму: "Настаўнік кажа: час мой блізкі, у цябе ўчыню пасху з вучнямі Маімі". 19 І зрабілі вучні, як загадаў ім Іісус, і прыгатавалі пасху. 20 Калі ж звечарэла, Ён узлёг з дванаццацю вучнямі; 21 І калі яны елі, сказаў: праўду кажу вам, што адзін з вас выдасць мяне. 22 Яны вельмі засмуціліся і пачалі казаць Яму, кожны з іх: ці не я, Госпадзе? 23 А Ён сказаў у адказ: хто апусціў са Мною руку ў місу, той выдасць Мяне. 24 Бо Сын Чалавечы ідзе, як напісана пра Яго; але гора таму чалавеку, які выдае Сына Чалавечага: лепей было б таму чалавеку не радзіцца. 25 У адказ жа Іуда, які выдаў Яго, сказаў: ці не я, Равві? Іісус кажа яму: ты сказаў. 26 А калі яны елі: Іісус, узяўшы хлеб і благаславіўшы, пераламіў і, раздаючы вучням, сказаў: прыміце, ешце: гэта Цела Маё. 27 І ўзяўшы чашу, і падзякаваўшы, падаў ім і сказаў: піце з яе ўсе; 28 бо гэта Кроў Мая новага запавету, за многіх праліваная дзеля даравання грахоў. 29 Кажу ж вам, што ад сёння не буду піць ад плоду гэтага вінаграднага да таго дня, калі буду піць з вамі новае віно ў Царстве Айца Майго. 30 І заспяваўшы, пайшлі на гару Елеонскую. 31 Тады кажа ім Іісус: усе вы спакусіцеся аба Мне ў гэтую ноч, бо напісана: "паражу пастыра, і рассеюцца авечкі статку". 32 А пасля ўваскрэсення Майго сустрэну вас у Галілеі. 33 У адказ жа Пётр сказаў Яму: калі і ўсе спакусяцца аб Табе, я не спакушуся. 34 Сказаў яму Іісус: праўду кажу табе, што гэтае ночы, перш чым заспявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне. 35 Кажа Яму Пётр: хоць бы мне і памерці з Табою, не адракуся ад Цябе. Падобнае і ўсе вучні казалі. 36 Потым прыходзіць з імі Іісус у мясціну, званую Гефсіманія, і кажа вучням: пасядзіце тут, пакуль Я пайду, памалюся там. 37 І ўзяўшы Пятра і абодвух сыноў Зевядзеевых, пачаў смуткаваць і журыцца. 38 Тады кажа ім Іісус: душа Мая смуткуе да смерці; пабудзьце тут і чувайце са Мною. 39 І адышоўшы крыху, упаў абліччам Сваім, маліўся і казаў: Ойча Мой! калі магчыма, няхай абміне Мяне чаша гэтая; але не як Я хачу, а як Ты. 40 І прыходзіць да вучняў і знаходзіць, што яны спяць, і кажа Пятру: ці так не змаглі вы адну гадзіну патрываць са Мною? 41 Не спіце і маліцеся, каб не ўпасці ў спакусу: дух бадзёры, а плоць нядужая. 42 Яшчэ, адышоўшы другі раз, маліўся, кажучы: Ойча Мой! калі не можа чаша гэтая абмінуць Мяне, каб Мне не піць яе, няхай будзе воля Твая. 43 І прыйшоўшы, знайшоў, што зноў яны спяць, бо ў іх вочы ацяжэлі. 44 І пакінуўшы іх, адышоў зноў і памаліўся трэці раз, тое самае слова сказаўшы. 45 Тады прыходзіць да вучняў Сваіх і кажа ім: вы ўсё яшчэ спіце і спачываеце; вось, наблізілася гадзіна, і Сын Чалавечы аддаецца ў рукі грэшнікаў; 46 устаньце, хадзем: вось наблізіўся той, хто выдае Мяне. 47 І калі яшчэ гаварыў Ён, вось, Іуда, адзін з дванаццаці, прыйшоў, і з ім мноства людзей з мячамі і каламі, ад першасвятароў і старэйшын народных. 48 А хто выдаваў Яго, даў ім знак, кажучы: каго я пацалую, Той і ёсць, вазьміце Яго. 49 I, адразу падышоўшы да Іісуса, сказаў: радуйся, Равві! І пацалаваў Яго. 50 Іісус жа сказаў яму: дружа, чаго ты прыйшоў? Тады падышлі, і ўсклалі рукі на Іісуса, і ўзялі Яго. 51 І вось, адзін з тых, што былі з Іісусам, працягнуўшы руку, дастаў меч свой і, ударыўшы раба першасвятаровага, адсек яму вуха. 52 Тады кажа яму Іісус: вярні меч твой у месца ягонае, бо ўсе, хто возьме меч, ад мяча і загінуць; 53 альбо думаеш, што Я не магу цяпер упрасіць Айца Майго, і Ён дасць Мне больш за дванаццаць легіёнаў Ангелаў? 54 як жа збудуцца Пісанні, што так павінна быць? 55 У тую гадзіну сказаў Іісус народу: быццам на разбойніка выйшлі вы з мячамі і каламі ўзяць Мяне; кожны дзень з вамі сядзеў Я, вучачы ў храме, і вы не ўзялі Мяне. 56 А ўсё гэта было, каб збыліся пісанні прарокаў. Тады ўсе вучні, пакінуўшы Яго, паўцякалі. 57 А тыя, што ўзялі Іісуса, прывялі Яго да Каіафы першасвятара, куды сабраліся кніжнікі і старэйшыны. 58 А Пётр ішоў следам за ім зводдаль, да двара першасвятаровага і ўвайшоўшы ў сярэдзіну, сеў са слугамі, каб бачыць канец. 59 Першасвятары і старэйшыны і ўвесь сінедрыён шукалі ілжывага сведчання супроць Іісуса, каб аддаць Яго на смерць; 60 і не знаходзілі; і хоць шмат ілжывых сведкаў прыходзіла, не знайшлі. Але нарэшце прыйшлі два ілжывыя сведкі 61 і сказалі: Ён казаў: "магу разбурыць храм Божы і за тры дні збудаваць яго". 62 І ўстаўшы, першасвятар сказаў Яму: нічога не адказваеш? што яны супроць Цябе сведчаць? 63 Іісус жа маўчаў. І першасвятар сказаў Яму: заклінаю Цябе Богам жывым, скажы нам, ці Ты Хрыстос, Сын Божы? 64 Кажа яму Іісус: ты сказаў; нават маўляю вам: ад сёння ўгледзіце Сына Чалавечага, што сядзіць праваруч сілы і ідзе на аблоках нябесных. 65 Тады першасвятар разадраў адзенне сваё і сказаў: Ён блюзнерыць. Навошта яшчэ нам сведкі? Вось, вы чулі блюзнерства Яго! 66 Як вам здаецца? А яны сказалі ў адказ: варты смерці. 67 Тады плявалі Яму ў твар і тузалі Яго; а іншыя білі па шчоках 68 і казалі: скажы нам, Хрысце, хто ўдарыў Цябе? 69 А Пётр сядзеў звонку на дварэ. І падышла да яго адна служанка і сказала: і ты быў з Іісусам Галілеянінам. 70 Але ён адрокся перад усімі, сказаўшы: не ведаю, што ты кажаш. 71 А калі ён выходзіў за браму, убачыла яго другая, і кажа тым, што былі там: і гэты быў з Іісусам Назарэем. 72 І зноў адрокся ён, прысягнуўшы: я не ведаю Гэтага Чалавека. 73 Крыху пазней падышлі тыя, што стаялі, і сказалі Пятру: сапраўды і ты з іх, бо і гаворка твая выдае цябе. 74 Тады ён пачаў прысягаць і бажыцца: я не ведаю Гэтага Чалавека. І тут жа заспяваў певень. 75 І згадаў Пётр словы, сказаныя яму Іісусам: перш чым заспявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне. І выйшаўшы вонкі, плакаў горка. |
SAPE |
© The FontCity, ltd, 2011