![]() | ||
---|---|---|
Новый Завет Уэсткотта-Хорта (27) Библия на украинском языке (66) Новый Завет Нестле-Аланда (27) Библия на белорусском языке (66) |
Бiблiя беларуская - пераклад Василя Сёмухи Паводле Мацьвея 1 І ў адказ Ісус зноў прамовіў да іх у прытчах, кажучы: 2 падобнае Царства Нябеснае на чалавека-цара, які справіў вясельле сыну свайму 3 і паслаў рабоў сваіх клікаць запрошаных на вясельле; і не хацелі прыйсьці. 4 Зноў паслаў іншых рабоў, сказаўшы: скажэце запрошаным: "вось я прыгатаваў абед мой, цяляты мае і што ўкормлена, заколата, і ўсё гатова; прыходзьце на вясельле". 5 Але яны, ня даўшы ўвагі, пайшлі, хто на поле сваё, а хто да гандлю свайго. 6 Астатнія ж, схапіўшы рабоў ягоных, зьняважылі і забілі іх. 7 І пачуўшы, цар той угневаўся, і, паслаўшы войскі свае, вынішчыў забойцаў тых і горад іхні спаліў. 8 Тады кажа ён рабам сваім: вясельле гатова, а запрошаныя ня былі вартыя. 9 Дык вось, ідзеце на ростані і ўсіх, каго спаткаеце, клічце на вясельле. 10 І рабы тыя, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго толькі знайшлі, і благіх і добрых; і напоўнілася вясельле бяседнікамі. 11 Цар, увайшоўшы паглядзець на бяседнікаў, убачыў там чалавека, апранутага не ў вясельныя строі, 12 і кажа яму: дружа! як ты ўвайшоў сюды не ў вясельных строях? А той маўчаў. 13 Тады сказаў цар слугам: зьвязаўшы яму рукі і ногі, вазьмеце яго і выкіньце ў цемру вонкавую: там будзе плач і скрыгат зубоў; 14 бо шмат пакліканых, ды мала выбраных. 15 Тады фарысэі пайшлі і дамаўляліся, як падлавіць Яго на слове. 16 І пасылаюць да Яго вучняў сваіх зь ірадыянамі, кажучы: Настаўнік! мы ведаем, што Ты справядлівы, і шляху Божаму праўдзіва вучыш, і не стараешся дагадзіць каму-небудзь, бо не глядзіш на абліччы; 17 дык вось скажы нам: як Табе здаецца? ці дазваляецца даваць падатак кесару, ці не? 18 Але Ісус, убачыўшы зламыснасьць іхнюю, сказаў: што спакушаеце Мяне, крывадушнікі? 19 пакажэце Мне манету, якою плаціцца падатак. Яны прынесьлі Яму дынар. 20 І кажа ім: чыя гэта выява і надпіс? 21 І кажуць Яму: кесаравы. Тады кажа ім: дык аддавайце кесарава кесару, а Божае Богу. 22 Пачуўшы гэта, яны зьдзівіліся і пакінуўшы Яго, пайшлі. 23 У той дзень падступіліся да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрэсеньня, і спыталіся ў Яго: 24 Настаўнік! Майсей сказаў: "калі хто памрэ, ня маючы дзяцей, хай возьме брат ягоны жонку ягоную і адродзіць семя брату свайму". 25 Было ў нас сем братоў: першы, ажаніўшыся, памёр і, ня маючы дзяцей, пакінуў жонку сваю брату свайму; 26 гэтак сама і другі, і трэйці, нават да сёмага; 27 а пасьля ўсіх памерла і жонка. 28 Дык вось, ва ўваскрэсеньні, катораму зь сямёх будзе яна за жонку? бо ўсе мелі яе? 29 Ісус сказаў ім у адказ: памыляецеся, ня ведаючы Пісаньняў, ні сілы Божай; 30 бо ва ўваскрэсеньні ні жэняцца, ні выходзяць замуж, а жывуць, як анёлы Божыя на нябёсах. 31 А пра ўваскрэсеньне мёртвых ці ня чыталі вы сказанага вам Богам: 32 "Я Бог Абрагама, і Бог Ісаака, і Бог Якава"? Бог ня ёсьць Бог мёртвых, а жывых". 33 І пачуўшы, люд зьдзіўляўся з вучэньня Ягонага. 34 А фарысэі, пачуўшы, што Ён прывёў садукеяў у маўчаньне, сабраліся разам. 35 І спытаўся адзін зь іх, законьнік, спакушаючы Яго і кажучы: 36 Настаўнік! якая запаведзь найбольшая ў законе? 37 Ісус жа сказаў яму: "палюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім разуменьнем тваім"; 38 гэта найбольшая і першая запаведзь; 39 а другая падобная да яе: "палюбі блізкага твайго, як самога сябе"; 40 на гэтых дзьвюх запаведзях грунтуецца ўвесь закон і прарокі. 41 Калі ж сабраліся фарысэі, спытаўся ў іх Ісус: 42 што вы думаеце пра Хрыста? чый Ён сын? Кажуць Яму: Давідаў. 43 Кажа ім: як жа Давід, з натхненьня, Госпадам Яго называе, калі кажа: 44 "Сказаў Гасподзь Госпаду майму: сядзі праваруч ад Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх у падножжа ног Тваіх"? 45 Дык вось, калі Давід называе Яго Госпадам, як жа Ён сын яму? 46 І ніхто ня мог адказаць Яму ні слова; і не адважваўся ўжо ніхто з таго дня дапытвацца ў Яго. |
SAPE |
© The FontCity, ltd, 2011