![]() | ||
---|---|---|
Новый Завет Уэсткотта-Хорта (27) Библия на украинском языке (66) Новый Завет Нестле-Аланда (27) Библия на белорусском языке (66) |
Святое Дабравесце (па Беларуску) пераклад Бiблейскай камiсii БПЦ МП Святое Дабравесце паводле Матфея 1 І прыступілі фарысеі і садукеі і, спакушаючы, прасілі Яго паказаць ім знаменне з неба. 2 А Ён сказаў ім у адказ: вечарам вы кажаце: будзе пагода, бо неба агністае; 3 і раніцай: сёння непагадзь, бо неба агніста-хмарнае. Крывадушнікі! аблічча неба вы ўмееце адрозніваць, а знакаў часу не можаце? 4 Род ліхі і пералюбны азнакі шукае, і азнака не дасца яму, акрамя азнакі Іоны прарока. І пакінуўшы іх, адышоў. 5 І перапраўляючыся на другі бок, вучні Яго забыліся ўзяць хлябоў. 6 Іісус сказаў ім: глядзіце, сцеражыцеся закваскі фарысейскай і садукейскай. 7 Яны ж разважалі самі сабе, кажучы: хлябоў мы не ўзялі. 8 Уразумеўшы гэта, Іісус сказаў ім: што разважаеце самі сабе, малаверныя, што хлябоў не ўзялі? 9 Няўжо яшчэ не разумееце і не памятаеце пра пяць хлябоў на пяць тысяч, і колькі кашоў вы набралі? 10 Ні пра сем хлябоў на чатыры тысячы, і колькі кошыкаў набралі? 11 Як не разумееце, што не пра хлябы Я сказаў вам: "сцеражыцеся закваскі фарысейскай і садукейскай"? 12 Тады яны зразумелі, што Ён сказаў асцерагацца не закваскі хлебнай, а вучэння фарысейскага і садукейскага. 13 А прыйшоўшы ў межы Кесарыі Філіпавай, Іісус пытаўся ў вучняў Сваіх, кажучы: за каго людзі ўважаюць Мяне, Сына Чалавечага? 14 Яны сказалі: адны за Іаана Хрысціцеля, а другія за Ілію, а іншыя за Іерамію альбо за аднаго з прарокаў. 15 Ён кажа ім: а вы за каго ўважаеце Мяне? 16 І Сіман Пётр сказаў у адказ: Ты - Хрыстос, Сын Бога Жывога. 17 І Іісус сказаў яму ў адказ: блажэнны ты, Сімане, сыне Іонаў, бо не плоць і кроў адкрылі табе гэта, а Айцец Мой, Які ёсць у нябёсах; 18 і Я кажу табе: ты Пётр, і на камені гэтым Я збудую Царкву Маю, і брамы пякельныя не адолеюць яе. 19 І дам табе ключы Царства Нябеснага: і што звяжаш на зямлі, тое будзе звязана ў нябёсах; і што развяжаш на зямлі, тое будзе развязана ў нябёсах. 20 Тады Іісус загадаў вучням Сваім, каб нікому не казалі, што Ён ёсць Хрыстос. 21 3 таго часу Іісус пачаў адкрываць вучням Сваім, што Яму належыць ісці ў Іерусалім і многа адпакутаваць ад старэйшын і першасвятароў і кніжнікаў, і мае быць забіты, і на трэці дзень уваскрэснуць. 22 I, адвёўшы Яго, Пётр пачаў пярэчыць Яму, кажучы: міласэрны Ты, Госпадзе! Няхай не будзе гэтага з Табою! 23 А Ён, абярнуўшыся, сказаў Пятру: адыдзі ад Мяне, сатана! ты Мне спакуса, бо думаеш не пра тое, што Божае, а што чалавечае. 24 Тады Іісус сказаў вучням Сваім: калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе і возьме крыж свой і ідзе ўслед за Мною; 25 бо хто хоча душу сваю ўратаваць, той страціць яе; а хто страціць душу сваю дзеля Мяне, той знойдзе яе; 26 бо якая карысць чалавеку, калі ён увесь свет здабудзе, а душы сваёй пашкодзіць? альбо які выкуп дасць чалавек за душу сваю? 27 бо прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Айца Свайго з Ангеламі Сваімі, і тады аддасць кожнаму паводле спраў ягоных. 28 Праўду кажу вам: ёсць сярод тых, што стаяць тут, некаторыя, якія не зазнаюць смерці, пакуль не ўбачаць Сына Чалавечага, як Ён ідзе ў Царстве Сваім. |
SAPE |
© The FontCity, ltd, 2011