![]() | ||
---|---|---|
Новый Завет Уэсткотта-Хорта (27) Библия на украинском языке (66) Новый Завет Нестле-Аланда (27) Библия на белорусском языке (66) |
Святое Дабравесце (па Беларуску) пераклад Бiблейскай камiсii БПЦ МП Святое Дабравесце паводле Матфея 1 Выйшаўшы таго ж дня з дому, Іісус сеў каля мора. 2 І сабралася да Яго мноства людзей, так што Ён увайшоў у лодку і сеў; а ўвесь люд стаяў на беразе. 3 І гаварыў ім шмат прытчамі, кажучы: вось, выйшаў сейбіт сеяць. 4 І калі сеяў ён, адно ўпала пры дарозе, і наляцелі птушкі і падзяўблі тое; 5 іншае ўпала на мясціны камяністыя, дзе няшмат было зямлі, і неўзабаве ўзышло, таму што зямля была неглыбокая. 6 А калі ўзышло сонца, завяла і, як не мела карэння, засохла; 7 іншае ўпала ў церне, і вырасла церні і заглушыла яго; 8 іншае ўпала на добрую зямлю і ўрадзіла плод: адно ў сто разоў, а другое ў шэсцьдзесят, а тое ў трыццаць. 9 Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе! 10 І прыступіўшы, вучні сказалі Яму: чаму прытчамі гаворыш ім? 11 Ён сказаў ім у адказ: таму, што вам дадзена ведаць тайны Царства Нябеснага, а ім не дадзена; 12 бо хто мае, таму дадзена будзе і памножыцца; а хто не мае, у таго адымецца і тое, што мае; 13 дзеля таго прытчамі прамаўляю ім, што яны бачачы не бачаць, і чуючы не чуюць, і не разумеюць; 14 і збываецца над імі прароцтва Ісаіі, якое кажа: "слыхам пачуеце, і не ўразумееце; і вачыма глядзець будзеце, і не ўбачыце; 15 агрубела бо сэрца ў людзей гэтых, і вушыма цяжка чуюць, і вочы свае змежылі, каб не ўгледзець вачыма, і вушыма не пачуць, і сэрцам не ўразумець, і не звернуцца, каб Я ацаліў іх". 16 А вашы блажэнныя вочы, што бачаць; і вушы вашыя, што чуюць; 17 бо праўду кажу вам, што многія прарокі і праведнікі жадалі бачыць тое, што вы бачыце, і не бачылі, і чуць тое, што вы чуеце, і не чулі. 18 Але ж вы пачуйце прытчу пра сейбіта: 19 да кожнага, хто слухае слова пра Царства і не разумее, прыходзіць ліхі і крадзе пасеянае ў сэрцы яго: вось каго азначае пасеянае пры дарозе. 20 А пасеянае на камяністых мясцінах азначае таго, хто чуе слова і адразу з радасцю прымае яго; 21 але не мае кораня ў сабе і непастаянны: калі настане ўціск альбо ганенне за слова, адразу спакушаецца. 22 А пасеянае ў церні азначае таго, хто чуе слова, але клопат веку гэтага і панада багацця заглушае слова, і яно стаецца бясплодным. 23 А пасеянае на добрай зямлі азначае таго, хто чуе слова і разумее, які і плод прыносіць і дае адзін сто, другі шэсцьдзесят, а іншы трыццаць. 24 Другую прытчу прапанаваў Ён ім, кажучы: Царства Нябеснае падобнае на чалавека, які пасеяў добрае насенне на полі сваім; 25 калі ж людзі спалі, прыйшоў вораг яго і пасеяў куколь сярод пшаніцы, і пайшоў; 26 калі ўзышла рунь і завязала плод, тады з'явіўся і куколь. 27 Прыйшоўшы, рабы гаспадара дома сказалі яму: гаспадар ці ж не добрае насенне пасеяў ты на полі тваім? адкуль жа на ім куколь? 28 А ён сказаў ім: варожы чалавек гэта зрабіў. А рабы сказалі яму: хочаш, мы пойдзем, выпалем яго? 29 А ён сказаў: не, каб, выбіраючы куколь, вы не павырывалі разам з ім і пшаніцы; 30 пакіньце расці разам тое і другое да жніва; а ў час жніва я скажу жняцам: збярыце перш куколь і звяжыце яго ў снапы, каб спаліць яго; а пшаніцу збярыце ў жытніцу мае. 31 Іншую прытчу прапанаваў Ён ім, кажучы: падобнае Царства Нябеснае на зерне гарчычнае, якое чалавек узяў і пасеяў на полі сваім, 32 якое, хоць меншае за ўсякае насенне, але, калі вырастае, бывае большае за ўсякую траву і робіцца дрэвам, так што прылятаюць птушкі нябесныя і гняздзяцца ў голлі яго. 33 Іншую прытчу сказаў Ён ім: падобнае Царства Нябеснае на закваску, якую жанчына, узяўшы паклала ў тры меры мукі, пакуль не ўкісла ўсё. 34 Гэта ўсё казаў Іісус прытчамі люду, і без прытчы нічога не казаў ім, 35 каб збылося сказанае праз прарока, які кажа: "Разамкну ў прытчах вусны Мае; выкажу ўтоенае ад стварэння свету". 36 Тады Іісус, адпусціўшы людзей, увайшоў у дом. І прыступіўшы да Яго, вучні Яго сказалі: растлумач нам прытчу пра куколь на полі. 37 А Ён ім сказаў у адказ: сейбіт добрага насення ёсць Сын Чалавечы; 38 поле ёсць свет; добрае насенне гэта - сыны Царства, а куколь - сыны ліхога; 39 вораг, які пасеяў яго, ёсць дыявал; жніво ёсць сканчэнне веку, а жняцы - Ангелы. 40 А таму, як збіраюць куколь і агнём паляць, гэтак сама будзе пры сканчэнні веку гэтага: 41 пашле Сын Чалавечы Ангелаў Сваіх, і збяруць з Царства Яго ўсе спакусы і тых, што чыняць беззаконне, 42 і ўкінуць іх у печ вогненную; там будзе плач і скрыгат зубоў; 43 тады праведныя заззяюць, як сонца, у Царстве Айца іх. Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе! 44 Яшчэ падобнае Царства Нябеснае на скарб, схаваны на полі, які, знойшоўшы, чалавек утоіў, і ў радасці ад гэтага ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе поле тое. 45 Яшчэ падобнае Царства Нябеснае на купца, які шукае прыгожых перлаў, 46 які, знайшоўшы адзін шматкаштоўны перл, пайшоў і прадаў усё, што меў, і купіў яго. 47 Яшчэ падобнае Царства Нябеснае на невад, закінуты ў мора і поўны рыбы ўсялякага роду, 48 які, калі ён напоўніўся, выцягнулі на бераг і, сеўшы, добрае склалі ў начынне, а нядобрае выкінулі прэч. 49 Так будзе пры сканчэнні веку: выйдуць Ангелы і аддзеляць ліхіх з асяроддзя праведных, 50 і ўкінуць іх у печ вогненную: там будзе плач і скрыгат зубоў. 51 Сказаў ім Іісус: ці зразумелі вы гэта ўсё? Яны кажуць Яму: так, Госпадзе! 52 А Ён сказаў ім: таму ўсякі кніжнік, навучаны Царству Нябеснаму, падобны на гаспадара дома, які выносіць са скарбніцы сваёй новае і старое. 53 І сталася, калі скончыў Іісус прытчы гэтыя, пайшоў адтуль. 54 І прыйшоўшы на бацькаўшчыну Сваю, вучыў іх у сінагозе іхняй, так што яны здзіўляліся і казалі: адкуль у Яго гэтая мудрасць і сілы? 55 ці не цясляроў Ён Сын? ці не Ягоную Маці завуць Марыя, і браты Яго Іакаў і Іасій, і Сіман і Іуда? 56 і сёстры Яго ці не ўсе сярод нас? адкуль жа ў Яго ўсё гэта? 57 І спакушаліся аб Ім. А Іісус сказаў ім: не бывае прарока без пашаны, хіба што толькі на бацькаўшчыне сваёй, і ў доме сваім. 58 І не ўчыніў там многіх цудаў з-за няверства іх. |
SAPE |
© The FontCity, ltd, 2011