![]() | ||
---|---|---|
Новый Завет Уэсткотта-Хорта (27) Библия на украинском языке (66) Новый Завет Нестле-Аланда (27) Библия на белорусском языке (66) |
Святое Дабравесце (па Беларуску) пераклад Бiблейскай камiсii БПЦ МП Святое Дабравесце паводле Марка 1 І выйшаў Ён адтуль і прыйшоў бацькаўшчыну Сваю, і за Ім ішлі вучні Яго. 2 І калі настала субота, пачаў Ён вучыць у сінагозе, і многія слухачы дзівіліся, кажучы: адкуль у Яго гэта? і што за мудрасць дадзена Яму, і як такія цуды творацца рукамі Яго? 3 Ці не цясляр гэта, сын Марыі і брат Іакава, Іасіі, Іуды і Сімана? І ці не сёстры Яго тут сярод нас? І спакушаліся аб Ім. 4 Іісус жа казаў ім: не бывае прарок без пашаны, хіба толькі на бацькаўшчыне сваёй, і ў родных сваіх, і ў доме сваім. 5 І не мог там ніякага цуду стварыць, толькі нямногіх хворых, усклаўшы на іх рукі, ацаліў. 6 І дзівіўся нявер’ю іх. І хадзіў па навакольных селішчах, навучаючы. 7 І паклікаўшы дванаццаць, пачаў іх пасылаць па двое і даў ім уладу над нячыстымі духамі. 8 І наказаў ім нічога не браць у дарогу, акрамя аднаго посаха: ні торбы, ні хлеба, ні медзі ў поясе; 9 але абувацца ў сандалі і не насіць дзвюх вопратак. 10 І казаў ім: калі дзе ўвойдзеце ў дом, заставайцеся ў ім, пакуль не пойдзеце адтуль; 11 і калі хто не прыме вас і не паслухаецца вас, то выходзячы адтуль, абтрасіце пыл з ног вашых у сведчанне ім. Праўду кажу вам: лягчэй будзе Садому і Гаморы ў дзень судны, чым гораду таму. 12 І, пайшоўшы, яны прапаведавалі пакаянне, 13 і дэманаў многіх выганялі, і памазвалі алеем многіх хворых, і ацалялі. 14 І дачуўся пра Іісуса цар Ірад, бо вядомым стала імя Яго, і казаў: гэта Іаан Хрысціцель з мёртвых паўстаў, і таму цуды дзеюцца ім. 15 Іншыя казалі: гэта Ілія, а іншыя казалі: гэта прарок ці як адзін з прарокаў. 16 А Ірад, пачуўшы, сказаў: гэта Іаан, якому я адсек галаву, ён паўстаў з мёртвых. 17 Бо сам Ірад паслаў схапіць Іаана і звязаў яго ў цямніцы з-за Ірадыяды, жонкі Філіпа, брата свайго, таму што ажаніўся з ёю. 18 Бо Іаан казаў Іраду: не належыць табе мець жонку брата твайго. 19 А Ірадыяда, гневаючыся на яго, жадала яго забіць, ды не магла. 20 Бо Ірад баяўся Іаана, ведаючы яго як чалавека праведнага і святога, і аберагаў яго, і шмат рабіў, слухаючыся яго, і з ахвотаю яго слухаў. 21 І настаў зручны дзень, калі Ірад у гадавіну свайго нараджэння ладзіў пір вяльможам сваім, тысячаначальнікам і старэйшынам Галілейскім, 22 і ўвайшла дачка Ірадыяды, і танцавала, і дагадзіла Іраду і тым, што ўзляжалі з ім. Сказаў цар дзяўчыне: прасі ў мяне чаго хочаш, і дам табе. 23 І пакляўся ёй: чаго ні папросіш у мяне, дам табе, хоць і паўцарства майго. 24 Яна ж выйшла і спытала ў маці сваёй: чаго прасіць? Тая адказала: галаву Іаана Хрысціцеля. 25 І яна адразу, паспешліва ўвайшоўшы да цара, прасіла, кажучы: хачу каб ты цяпер жа даў мне на блюдзе галаву Іаана Хрысціцеля. 26 І засмуціўся цар, але дзеля клятвы і тых, што ўзляжалі з ім, не захацеў адмовіць ёй. 27 І адразу, паслаўшы целаахоўніка, цар загадаў прынесці галаву яго. 28 Той, пайшоўшы, адсек яму галаву ў цямніцы і прынёс на блюдзе і аддаў яе дзяўчыне, а дзяўчына аддала яе маці сваёй. 29 І, дачуўшыся, вучні яго прыйшлі і ўзялі цела яго, і паклалі яго ў магілу. 30 І сабраліся апосталы да Іісуса і расказалі Яму ўсё: і што зрабілі, і чаму навучылі. 31 І сказаў ім: пайдзіце вы самі, асобна, у пустэльнае месца і адпачніце крыху. Бо многія прыходзілі і адыходзілі, так што і паесці ім не было калі. 32 І адправіліся яны ў пустэльнае месца на лодцы асобна. 33 І ўбачыў народ, як яны адплывалі, і пазналі іх многія, і пехатою з усіх гарадоў спяшаліся туды, і апярэдзілі іх, і сышліся да Яго. 34 І, выйшаўшы, убачыў Іісус мноства людзей і пашкадаваў іх, бо яны былі як авечкі без пастыра; і пачаў іх вучыць многа. 35 І калі быў ужо час позні, вучні Яго, падышоўшы да Яго, казалі: месца тут пустэльнае, і ўжо час позні, 36 адпусці іх, каб пайшлі ў навакольныя вёскі ды селішчы і купілі сабе хлеба, бо не маюць чаго есці. 37 Ён жа ў адказ ім прамовіў: вы ім дайце есці. І кажуць Яму: ці не пайсці нам купіць хлябоў дынарыяў на дзвесце і даць ім есці? 38 Але Ён гаворыць ім: колькі хлябоў маеце? Ідзіце і паглядзіце. І даведаўшыся, яны кажуць: пяць хлябоў і дзве рыбіны. 39 І загадаў ім рассадзіць усіх групамі на зялёнай траве. 40 І ўзляглі ў рады па сто і па пяцьдзесят. 41 І, узяўшы пяць хлябоў і дзве рыбіны, узвёўшы вочы на неба, благаславіў і пераламіў хлябы, і даваў вучням Сваім, каб разносілі ім, і дзве рыбіны падзяліў на ўсіх. 42 І елі ўсе і насыціліся. 43 І назбіралі кавалкаў хлеба дванаццаць поўных кашоў і рэшты ад рыбы. 44 А было тых, што елі хлябы, каля пяці тысяч мужчын. 45 І адразу прымусіў вучняў Сваіх увайсці ў лодку і адправіцца ўперад Яго на той бок да Віфсаіды, пакуль Ён адпусціць людзей. 46 І, адпусціўшы іх, пайшоў на гару памаліцца. 47 І як настаў вечар, лодка была пасярод мора, а Ён адзін на зямлі. 48 І ўбачыў іх, знясіленых веславаннем, бо вецер дзьмуў насупраць ім; і каля чацвёртай варты ночы наблізіўся да іх, ідучы па моры, і хацеў абмінуць іх. 49 Яны ж, убачыўшы, як Ён ідзе па моры, падумалі, што гэта прывід, і закрычалі. 50 Бо ўсе Яго бачылі і перапалохаліся. І адразу загаварыў з імі і сказаў ім: мацуйцеся, гэта Я, не бойцеся. 51 І ўвайшоў да іх у лодку; і вецер суняўся. І яны надзвычай былі ўзрушаныя ў сабе і здзіўляліся. 52 Бо не ўразумелі таго, што адбылося з хлябамі, бо сэрца ў іх было скамянелае. 53 І, пераправіўшыся, прыбылі ў зямлю Генісарэцкую, і прысталі да берага. 54 І калі выйшлі яны з лодкі, адразу людзі пазналі Яго , 55 і, аббегшы ўсё наваколле тое, і пачалі на пасцелях прыносіць хворых туды, дзе, па чутках, быў Ён. 56 І куды б ні прыходзіў Ён, у паселішчы, ці ў гарады, ці ў вёскі, на людных месцах клалі хворых і прасілі Яго, каб хоць да краю адзення Яго дакрануцца; і тыя, што дакраналіся да Яго, уратоўваліся. |
SAPE |
© The FontCity, ltd, 2011