![]() | ||
---|---|---|
Новый Завет Уэсткотта-Хорта (27) Библия на украинском языке (66) Новый Завет Нестле-Аланда (27) Библия на белорусском языке (66) |
Святое Дабравесце (па Беларуску) пераклад Бiблейскай камiсii БПЦ МП Святое Дабравесце паводле Марка 1 І, выйшаўшы адтуль, прыходзіць у межы Іудзеі стараной заіарданскай. І збіраюцца зноў да Яго натоўпы, і, як звычайна, зноў вучыў іх. 2 І, падышоўшы, фарысеі спыталіся ў Яго, спакушаючы Яго: ці дазволена мужу разводзіцца з жонкай? 3 Ён жа сказаў ім у адказ: што запаведаў вам Маісей? 4 Яны сказалі: Маісей дазволіў напісаць разводны ліст і разводзіцца. 5 І, адказваючы, Іісус сказаў ім: з-за жорсткасці сэрца вашага ён напісаў вам гэтую запаведзь; 6 але ад пачатку стварэння мужчынам і жанчынай стварыў іх Бог. 7 Таму пакіне чалавек бацьку свайго і маці 8 і прылепіцца да жонкі сваёй, і будуць двое плоццю адною, так што яны ўжо не двое, але адна плоць. 9 Дык вось, што Бог злучыў, таго чалавек хай не разлучае. 10 І ў доме вучні Яго зноў пра гэта спыталіся ў Яго. 11 І сказаў ім: Хто развядзецца з жонкаю сваёю і ажэніцца з іншаю, той пралюбадзейнічае супраць яе; 12 і калі жонка развядзецца з мужам сваім і выйдзе замуж за іншага, пралюбадзейнічае. 13 І прыносілі да Яго дзяцей, каб Ён дакрануўся да іх, а вучні забаранялі тым, што прыносілі. 14 Убачыўшы, Іісус разгневаўся і сказаў ім: пусціце дзяцей прыходзіць да Мяне і не перашкаджайце ім; бо такіх ёсць Царства Божае. 15 Праўду кажу вам: хто не прыме Царства Божага, як дзіця, той не ўвойдзе ў яго. 16 І, абняўшы іх, усклаў рукі на іх і благаславіў іх. 17 І калі выходзіў Ён у дарогу, падбег нехта і, упаўшы на калені перад Ім, спытаўся ў Яго: Настаўнік добры! Што мне рабіць, каб унаследаваць жыццё вечнае? 18 Іісус жа сказаў яму: што называеш Мяне добрым? Ніхто не добры, толькі адзін Бог. 19 Ведаеш запаведзі: "не пралюбадзейнічай; не забівай; не крадзі; не сведчы лжыва; не крыўдзі; шануй бацьку твайго і маці". 20 Ён жа сказаў Яму ў адказ: Настаўнік! усё гэта захаваў я з юнацтва майго. 21 Іісус жа, глянуўшы на яго, палюбіў яго і сказаў яму: аднаго табе не хапае: ідзі, усё, што маеш, прадай і раздай убогім; і мець будзеш скарб на небе; і прыходзь, і ідзі за Мной, узяўшы крыж. 22 А той, азмрочаны гэтым словам, адышоў у смутку, бо меў вялікую маёмасць. 23 І, паглядзеўшы навокал, кажа Іісус вучням Сваім: як цяжка будзе тым, хто мае багацце, увайсці ў Царства Божае. 24 Вучні жахаліся ад словаў Яго. А Іісус зноў у адказ кажа ім: дзеці! як цяжка тым, хто спадзяецца на багацце, увайсці ў Царства Божае. 25 Лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ўвайсці ў Царства Божае. 26 Яны ж надзвычай здзіўляліся, гаворачы між сабою: хто ж тады можа быць збаўлены? 27 Паглядзеўшы на іх, Іісус сказаў: людзям гэта немагчыма, але не Богу, бо ўсё магчыма Богу. 28 Пачаў Пётр гаварыць Яму: вось мы пакінулі ўсё і пайшлі ўслед за Табою. 29 Іісус сказаў у адказ: праўду кажу вам: няма нікога, хто пакінуў дом, ці братоў, ці сясцёр, ці бацьку, ці маці, ці жонку, ці дзяцей, ці палі, дзеля Мяне і дзеля Евангелля, 30 і не атрымае цяпер, у час гэты, пры ганеннях, у сто разоў больш дамоў і братоў, і сясцёр, і бацькоў, і маці, і дзяцей, і палёў, а ў веку наступным жыцця вечнага; 31 многія ж першыя будуць апошнімі і апошнія першымі. 32 Былі ж яны ў дарозе, узыходзячы ў Іерусалім, і паперадзе іх ішоў Іісус, а яны жахаліся і, услед ідучы, былі ў страху. І узяўшы зноў дванаццаць, пачаў ім гаварыць, што з Ім мае адбыцца: 33 вось мы ўзыходзім у Іерусалім і Сын Чалавечы будзе выдадзены першасвятарам і кніжнікам, і асудзяць Яго на смерць, і выдадуць Яго язычнікам; 34 і наглумяцца над Ім, і будуць бічаваць Яго і пляваць на Яго, і заб’юць Яго; і на трэці дзень уваскрэсне. 35 І падышлі да Яго Іакаў і Іаан, сыны Зевядзеевы, кажучы: Настаўнік! хочам, каб Ты зрабіў нам тое, што папросім. 36 А Ён сказаў ім: што хочаце, каб Я зрабіў вам? 37 Яны ж сказалі Яму: дай нам сесці аднаму справа ад Цябе, а другому злева ад Цябе, у славе Тваёй. 38 Іісус жа сказаў ім: не ведаеце, чаго просіце; ці можаце піць чашу, якую Я п’ю і хрышчэннем, якім Я хрышчуся, хрысціцца? 39 Яны ж сказалі Яму: можам. А Іісус сказаў ім: чашу, якую Я п’ю, будзеце піць і хрышчэннем, якім Я хрышчуся, будзеце хрысціцца; 40 а сесці справа ад Мяне ці злева - не Я даю, але гэта для тых, каму ўгатавана. 41 І, пачуўшы, дзесяцера пачалі гневацца на Іакава і Іаана. 42 А Іісус, паклікаўшы іх, кажа ім: вы ведаеце, што тыя, хто лічыцца на чале народаў, пануюць над імі, і вяльможы іх уладараць імі. 43 Але не так няхай будзе сярод вас: а хто хоча сярод вас большым быць, няхай будзе вам слугою; 44 і хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе ўсім рабом. 45 Бо і Сын Чалавечы не дзеля таго прыйшоў, каб Яму служылі, але каб паслужыць і аддаць душу Сваю ў выкуп за многіх. 46 І прыходзяць у Іерыхон. І калі выходзіў Ён з Іерыхона з вучнямі Сваімі і мноствам народу, сын Цімееў, Варцімей сляпы, сядзеў пры дарозе, жабруючы. 47 І, пачуўшы, што гэта Іісус Назарэй, пачаў крычаць і казаць: Сыне Давідаў, Іісусе, памілуй мяне! 48 І многія патрабавалі ад яго, каб замаўчаў, але ён яшчэ мацней крычаў: Сыне Давідаў, памілуй мяне! 49 І, спыніўшыся, Іісус сказаў паклікаць яго. І паклікалі сляпога, кажучы яму: мацуйся, устань, кліча цябе. 50 Ён жа, скінуўшы вопратку сваю, устаў і прыйшоў да Іісуса. 51 І ў адказ гаворыць яму Іісус: што хочаш, каб Я зрабіў табе? Сляпы сказаў Яму: Раввуні! каб мне бачыць. 52 Іісус жа сказаў яму: ідзі, вера твая ўратавала цябе. І адразу стаў бачыць і пайшоў услед за Іісусам па дарозе. |
SAPE |
© The FontCity, ltd, 2011