![]() | ||
---|---|---|
Новый Завет Уэсткотта-Хорта (27) Библия на украинском языке (66) Новый Завет Нестле-Аланда (27) Библия на белорусском языке (66) |
Святое Дабравесце (па Беларуску) пераклад Бiблейскай камiсii БПЦ МП Святое Дабравесце паводле Лукi 1 Паколькі ўжо многія ўзяліся складаць аповесць пра падзеі, якія сярод нас адбыліся, 2 як перадалі нам тыя, што ад пачатку былі відавочцамі і служыцелямі Слова, 3 прыйшло на думку і мне, дакладна даследаваўшы ўсё ад пачатку, паслядоўна апісаць табе, высокашаноўны Феофіле, 4 каб ты спазнаў цвёрдую аснову таго вучэння, у якім быў настаўлены. 5 Быў у дні Ірада, цара Іудзейскага, адзін святар імем Захарыя, з Авіевай чаргі; і жонка яго з роду Ааронавага, імя ёй Елісавета. 6 Былі яны абое праведныя перад Богам, жывучы паводле ўсіх запаведзяў і ўстанаўленняў Гасподніх беззаганна. 7 І не мелі яны дзіцяці, бо Елісавета была няплодная, і абое былі ўжо на схіле гадоў сваіх. 8 І сталася: калі ў парадку сваёй чаргі ён служыў перад Богам, 9 выпала яму, паводле звычаю святарскага, кадзіць, увайшоўшы ў храм Гасподні, 10 а ўсё мноства людзей малілася звонку ў час каджэння; 11 і явіўся яму Ангел Гасподні, стоячы справа ад кадзільнага ахвярніка. 12 І сумеўся Захарыя, убачыўшы, і страх напаў на яго. 13 Але Ангел сказаў яму: не бойся, Захарыя, бо пачута малітва твая, і жонка твая Елісавета народзіць табе сына, і назавеш яго імем Іаан, 14 і будзе табе радасць і весялосць, і многія нараджэнню яго ўзрадуюцца; 15 бо ён будзе вялікі перад Госпадам; і не будзе піць віна і сікеру; і Духам Святым напоўніцца яшчэ ва ўлонні маці сваёй; 16 і многіх з сыноў Ізраілевых зверне да Госпада Бога іх; 17 і будзе ісці перад Ім у духу і сіле Іліі, каб вярнуць сэрцы бацькоў да дзяцей, і непакорлівых да мудрасці праведных, каб падрыхтаваць Госпаду народ гатовы. 18 І сказаў Захарыя Ангелу: па чым я пазнаю гэта? бо я стары, і жонка мая на схіле гадоў сваіх. 19 І сказаў яму Ангел у адказ: я Гаўрыіл, што стаю перад Богам і пасланы гаварыць з табой і дабравесціць табе гэта; 20 і вось, будзеш маўчаць і не зможаш гаварыць да таго дня, калі збудзецца гэта, за тое, што ты не паверыў словам маім, якія здзейсняцца ў свой час. 21 І чакаў народ Захарыю і здзіўляўся, што ён марудзіць у храме. 22 Ён жа, выйшаўшы, не мог гаварыць да іх; і яны зразумелі, што ён бачыў відзенне ў храме; а ён рабіў ім знакі, і заставаўся нямым. 23 І сталася: калі скончыліся дні служэння яго, пайшоў ён у дом свой. 24 Пасля гэтых дзён зачала Елісавета, жонка яго , і таілася пяць месяцаў, і гаварыла: 25 так зрабіў мне Гасподзь у дні, калі спаглянуў, каб зняць з мяне ганьбу сярод людзей. 26 А ў шосты месяц пасланы быў Ангел Гаўрыіл ад Бога ў горад Галілейскі пад назвай Назарэт 27 да Дзевы, заручанай з мужам, імя якому Іосіф, з дому Давідавага; а імя Дзевы - Марыя. 28 І ўвайшоўшы да Яе, Ангел сказаў: радуйся, Благадатная! Гасподзь з Табою; благаславёная Ты сярод жанчын. 29 Яна ж, убачыўшы яго, збянтэжылася ад слова яго і разважала, што ж гэта за вітанне. 30 І сказаў Ёй Ангел: не бойся, Марыя, бо Ты знайшла благадаць у Бога. 31 І вось, зачнеш ва ўлонні, і народзіш Сына, і назавеш Яго імем Іісус. 32 Ён будзе вялікі, і Сынам Усявышняга будзе названы, і дасць Яму Гасподзь Бог прастол Давіда, бацькі Яго; 33 і будзе царстваваць над домам Іакава давеку, і Царству Яго не будзе канца. 34 І сказала Марыя Ангелу: як будзе гэта, калі Я мужа не знаю? 35 Сказаў Ёй Ангел у адказ: Дух Святы найдзе на Цябе і сіла Ўсявышняга ахіне Цябе; таму і Святое, што народзіцца, Сынам Божым будзе названа; 36 і вось, Елісавета, сваячка Твая, і яна зачала сына ў старасці сваёй, і гэта ўжо шосты месяц у яе, якую называюць няплоднай; 37 бо не застанецца бяссільным у Бога ніводнае слова. 38 Тады сказала Марыя: вось, Я - раба Гасподня; няхай будзе Мне па слову твайму. І адышоў ад Яе Ангел. 39 І ўстаўшы, Марыя ў тыя дні пайшла з паспешнасцю ў горны край, у горад Іудаў; 40 і ўвайшла ў дом Захарыі, і павітала Елісавету. 41 І сталася: калі пачула Елісавета вітанне Марыіна, устрапянулася дзіцятка ва ўлонні яе; і напоўнілася Елісавета Духам Святым, 42 і ўсклікнула моцным голасам і сказала: благаславёная Ты сярод жанчын і благаславёны плод улоння Твайго! 43 І адкуль гэта мне, што прыйшла Маці Госпада майго да мяне? 44 Бо, калі голас вітання Твайго дайшоў да вушэй маіх, устрапянулася дзіцятка радасна ва ўлонні маім. 45 І блажэнная Тая, што паверыла, бо збудзецца сказанае Ёй ад Госпада. 46 І сказала Марыя: велічае душа Мая Госпада, 47 і ўзрадаваўся дух Мой у Богу, Збавіцелі Маім, 48 што спаглянуў Ён на пакору Рабы Сваёй; бо вось ад гэтага часу будуць зваць Мяне блажэннай усе роды; 49 бо ўчыніў Мне вялікае Моцны, і святое імя Яго; 50 і міласэрнасць Яго ў роды родаў да тых, што баяцца Яго; 51 Ён праявіў сілу рукою Сваёю; рассеяў ганарлівых думкамі сэрца іх; 52 скінуў моцных з прастолаў і ўзнёс пакорлівых; 53 галодных здаволіў дабром, а багатых адпусціў ні з чым; 54 прыхінуў Ізраіля, слугу Свайго, памятаючы пра міласць, - 55 як гаварыў бацькам нашым, - да Аўраама і семені яго давеку. 56 Прабыла ж Марыя з ёю каля трох месяцаў і вярнулася ў дом Свой. 57 А Елісавеце настаў час радзіць, і яна нарадзіла сына. 58 І пачулі суседзі і сваякі яе, што прымножыў Гасподзь міласць Сваю да яе і радаваліся з ёю. 59 І сталася: у восьмы дзень прыйшлі абрэзаць дзіця, і хацелі назваць яго імем бацькі яго, Захарыем. 60 І, адказваючы, маці яго сказала: не, а названы будзе Іаанам. 61 І сказалі ёй: няма нікога ў радні тваёй, хто б зваўся гэтым імем. 62 І знакамі пыталіся ў бацькі яго, як бы ён хацеў, каб назвалі яго. 63 І, папрасіўшы дошчачку, ён напісаў: Іаан будзе імя яму. І здзівіліся ўсе. 64 І адразу адкрыліся вусны яго і язык яго, і ён стаў гаварыць, благаслаўляючы Бога. 65 І быў страх ва ўсіх, хто жыў вакол іх; і па ўсім горным краі Іудзейскім расказвалі пра ўсё гэта. 66 І ўсе, хто чуў, паклалі гэта ў сэрцы сваім, кажучы: што будзе з дзіцяці гэтага? І рука Гасподня была з ім. 67 І Захарыя, бацька яго, напоўніўся Духам Святым і прарочыў, кажучы: 68 благаславёны Гасподзь Бог Ізраілеў, што наведаў народ Свой і выкупіў яго; 69 і ўзняў нам рог збаўлення ў доме Давіда, слугі Свайго, 70 як сказаў вуснамі святых Сваіх прарокаў адвеку, 71 што збавіць нас ад ворагаў нашых і ад рукі ўсіх, хто ненавідзіць нас; 72 каб зрабіць міласць бацькам нашым і ўспомніць запавет Свой святы, 73 клятву, якой кляўся Ён Аўрааму, бацьку нашаму, каб даць нам, 74 вызваленым ад рукі ворагаў нашых, без боязі 75 служыць Яму ў святасці і праведнасці перад Ім ва ўсе дні жыцця нашага. 76 І ты, дзіця, прарокам Усявышняга будзеш названа, бо ты будзеш ісці перад абліччам Госпада, каб падрыхтаваць шляхі Яму, 77 даць народу Яго спазнаць збаўленне ў адпушчэнні грахоў, 78 па сардэчнай міласці Бога нашага, якою наведаў нас Усход з вышыні, 79 каб асвятліць тых, што сядзяць у цемры і цені смерці, скіраваць ногі нашы на шлях міру. 80 Дзіця ж расло і ўмацоўвалася духам; і было ў пустынях да дня з‘яўлення свайго Ізраілю. |
SAPE |
© The FontCity, ltd, 2011