![]() | ||
---|---|---|
Новый Завет Уэсткотта-Хорта (27) Библия на украинском языке (66) Новый Завет Нестле-Аланда (27) Библия на белорусском языке (66) |
Святое Дабравесце (па Беларуску) пераклад Бiблейскай камiсii БПЦ МП Святое Дабравесце паводле Лукi 1 Казаў жа Ён і вучням Сваім: адзін чалавек быў багаты і меў домаўпраўніка, які быў абвінавачаны перад ім, што растрачвае маёмасць яго; 2 і, паклікаўшы яго, сказаў яму: што гэта я чую пра цябе? дай адказ пра тваё ўпраўленне домам, бо ты не можаш больш упраўляць. 3 Сказаў жа домаўпраўнік сам сабе: што мне рабіць, бо гаспадар мой адбірае ў мяне ўпраўленне домам? капаць не здужаю, жабраваць саромеюся; 4 ведаю, што зрабіць, каб мяне, калі адстаўлены буду ад упраўлення, прынялі ў свае дамы. 5 І, паклікаўшы асобна кожнага з даўжнікоў гаспадара свайго, казаў першаму: колькі ты вінен гаспадару майму? 6 Той жа сказаў: сто мер алею. І сказаў яму: вазьмі сваю распіску і сядзь хутчэй напішы: пяцьдзесят. 7 Потым сказаў другому: а ты колькі вінен? Той адказаў: сто мер пшаніцы. І сказаў яму: вазьмі сваю распіску і напішы: восемдзесят. 8 І пахваліў гаспадар няправеднага домаўпраўніка, што ён разумна зрабіў; бо сыны веку гэтага разумнейшыя за сыноў святла ў родзе сваім. 9 І Я вам кажу: здабывайце сабе сяброў багаццем няправедным, каб яны, калі збяднееце, прынялі вас у вечныя сялібы. 10 Верны ў найменшым і ў многім верны, а няправедны ў найменшым і ў многім няправедны. 11 Таму калі ў няправедным багацці вы не былі верныя, хто вам даверыць сапраўднае? 12 І калі ў чужым вы не былі верныя, хто вам дасць ваша? 13 Ніякі раб не можа служыць двум гаспадарам, бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць, ці аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць. Не можаце Богу служыць і мамоне. 14 Чулі ўсё гэта і фарысеі, якія былі срэбралюбівымі, і насміхаліся з Яго. 15 І Ён сказаў ім: вы паказваеце сябе праведнымі перад людзьмі, але Бог ведае сэрцы вашы; бо што ў людзей высокае, тое мярзота перад Богам. 16 Закон і прарокі - да Іаана; з таго часу Царства Божае дабравесціцца, і кожны з намаганнямі ўваходзіць у яго. 17 Ды лягчэй небу і зямлі прайсці, чым адной рысцы ў законе прапасці. 18 Кожны, хто разводзіцца з жонкаю сваёю і бярэ іншую, той пралюбадзейнічае, і хто бярэ разведзеную з мужам, той пралюбадзейнічае. 19 Адзін чалавек быў багаты і апранаўся ў парфіру і вісон, і кожны дзень раскошна банкетаваў. 20 І быў адзін убогі, імем Лазар, які ляжаў перад варотамі яго, пакрыты язвамі, 21 і хацеў насыціцца крошкамі, што падалі са стала багача; а яшчэ і сабакі, прыходзячы, лізалі язвы яго. 22 І сталася, што памёр убогі і аднесены быў ангеламі на лона Аўраамава; памёр і багаты, і пахавалі яго; 23 і ў пекле, будучы ў муках, узняў вочы свае і ўбачыў здалёк Аўраама і Лазара на лоне яго, 24 і, ўсклікнуўшы, сказаў: ойча Аўрааме, змілуйся нада мною і пашлі Лазара, каб ён абмакнуў канец пальца свайго ў ваду і астудзіў язык мой, бо я пакутую ў полымі гэтым. 25 Аўраам жа сказаў: дзіця! успомні, што ты атрымаў добрае сваё ў жыцці сваім, а Лазар гэтак жа ліхое; цяпер жа ён тут суцяшаецца, а ты пакутуеш; 26 і звыш усяго гэтага паміж намі і вамі прорва вялікая ўстаноўлена, каб тыя, што хочуць перайсці адсюль да вас, не маглі, і каб адтуль да нас не пераходзілі. 27 Тады сказаў ён: прашу цябе, ойча, пашлі яго ў дом бацькі майго, 28 бо ў мяне пяць братоў, няхай ён засведчыць ім, каб і яны не прыйшлі ў гэтае месца мучэння. 29 Кажа яму Аўраам: яны маюць Маісея і прарокаў; няхай слухаюць іх. 30 А той сказаў: не, ойча Аўрааме, але калі хто з мёртвых прыйдзе да іх, пакаюцца. 31 Ён жа сказаў яму: калі Маісея і прарокаў не слухаюць, то, калі б хто і з мёртвых уваскрэс, не павераць. |
SAPE |
© The FontCity, ltd, 2011