![]() | ||
---|---|---|
Новый Завет Уэсткотта-Хорта (27) Библия на украинском языке (66) Новый Завет Нестле-Аланда (27) Библия на белорусском языке (66) |
Святое Дабравесце (па Беларуску) пераклад Бiблейскай камiсii БПЦ МП Святое Дабравесце паводле Лукi 1 І сталася: калі Ён у суботу ўвайшоў у дом аднаго з начальнікаў фарысейскіх паесці хлеба, і яны сачылі за Ім; 2 і вось, нейкі чалавек, хворы на вадзянку, быў перад Ім. 3 І, азваўшыся, Іісус прамовіў да законнікаў і фарысеяў, кажучы: ці дазваляецца ў суботу ацаляць? 4 Яны ж прамаўчалі. І, дакрануўшыся, Ён ацаліў яго і адпусціў. 5 А звярнуўшыся да іх, сказаў: калі ў каго з вас асёл або вол упадзе ў калодзеж, ці не адразу той выцягне яго ў дзень суботні? 6 І яны не змаглі адказаць Яму на гэта. 7 Казаў жа запрошаным прытчу, убачыўшы, як яны выбіраюць сабе першыя месцы, гаворачы да іх: 8 калі ты будзеш пакліканы кім-небудзь на вяселле, не ўзлягай на першае месца, каб не аказаўся хто пачэснейшы за цябе запрошаны ім, 9 і той, хто паклікаў цябе і яго, каб не падышоў ды не сказаў табе: "дай яму месца", і тады з сорамам пачнеш займаць апошняе месца. 10 Але калі будзеш пакліканы, прыйшоўшы, узлягай на апошняе месца, каб той, хто паклікаў цябе, падышоўшы, сказаў табе: "дружа, перайдзі вышэй", тады будзе табе гонар перад тымі, хто ўзляжыць з табою; 11 бо кожны, хто ўзвышае сябе, будзе прыніжаны, а хто прыніжае сябе, будзе узвышаны. 12 Казаў жа і таму, хто Яго запрасіў: калі ты будзеш даваць абед ці вячэру, не кліч сяброў тваіх, ні братоў тваіх, ні тваіх сваякоў, ні суседзяў багатых дзеля таго, каб і яны цябе таксама паклікалі і была табе адплата. 13 Але калі робіш гасціну, кліч убогіх, калек, кульгавых, сляпых, 14 і блажэнны будзеш, бо яны не маюць, чым адплаціць табе, адплачана ж табе будзе пры ўваскрасенні праведных. 15 Пачуўшы гэта, нехта з тых, што ўзляжалі з Ім, сказаў Яму: блажэнны, хто будзе есці абед у Царстве Божым! 16 Ён жа сказаў яму: адзін чалавек рабіў вялікую вячэру і паклікаў многіх; 17 і паслаў раба свайго ў час вячэры сказаць пакліканым: прыходзьце, бо ўжо гатова ўсё. 18 І пачалі ўсе, як адзін, прасіць прабачэння. Першы сказаў яму: я купіў поле, і мне трэба пайсці паглядзець яго; прашу цябе, прабач мне. 19 І другі сказаў: я купіў пяць пар валоў, і іду выпрабоўваць іх; прашу цябе, прабач мне. 20 І іншы сказаў: я ажаніўся і таму не магу прыйсці. 21 І, прыйшоўшы, раб той паведаміў гаспадару свайму гэта. Тады, разгневаўшыся, гаспадар дома сказаў рабу свайму: выйдзі хутчэй на вуліцы і завулкі горада і прывядзі сюды ўбогіх і калек, і сляпых, і кульгавых. 22 І сказаў раб: гаспадар! зроблена, як ты загадаў, і яшчэ месца ёсць. 23 І сказаў гаспадар рабу: выйдзі да дарог і загарадзяў і ўгавары прыйсці, каб напоўніўся дом мой. 24 Бо кажу вам, што ніхто з тых людзей пакліканых не пакаштуе маёй вячэры, бо многа пакліканых, але мала выбраных. 25 Ішло з Ім мноства людзей, і Ён, абярнуўшыся, сказаў ім: 26 калі хто прыходзіць да Мяне, і не зненавідзіць бацьку свайго і маці, і жонку і дзяцей, і братоў і сясцёр, а яшчэ і жыццё сваё, той не можа быць Маім вучнем; 27 і хто не нясе крыжа свайго і ідзе за Мною, не можа быць Маім вучнем. 28 Бо хто з вас, жадаючы пабудаваць вежу, перш не сядзе і не палічыць выдаткі, ці мае ён патрэбнае для завяршэння, 29 каб, калі пакладзе падмурак і не здолее дакончыць, усе, хто пабачыць, не пачалі смяяцца з яго, 30 кажучы: гэты чалавек пачаў будаваць і не здолеў дакончыць? 31 Або які цар, ідучы, каб з другім царом уступіць у вайну, не сядзе перш параіцца, ці зможа ён з дзесяццю тысячамі сустрэць таго, хто ідзе на яго з дваццаццю тысячамі? 32 Бо калі не, то пакуль той яшчэ далёка, ён пашле пасольства да яго прасіць міру. 33 Гэтак і кожны з вас, хто не адрачэцца ад усяго, што мае, не можа быць Маім вучнем. 34 Добрая рэч - соль, але калі соль страціць сілу, чым паправіць яе? 35 Ні ў зямлю, ні ў гной яна непрыдатная: вон выкідаюць яе. Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе! |
SAPE |
© The FontCity, ltd, 2011