![]() | ||
---|---|---|
Новый Завет Уэсткотта-Хорта (27) Библия на украинском языке (66) Новый Завет Нестле-Аланда (27) Библия на белорусском языке (66) |
Бiблiя беларуская - пераклад Василя Сёмухи Плач Eрaмii 1 Я чалавек, які зьведаў гора ад жазла Твайго гневу: 2 Ён павёў мяне і ўвёў у цемру, а не ў сьвятло. 3 Толькі супроць мяне Ён зьвяртае руку Сваю кожнага дня; 4 выснажыў плоць маю і скуру маю, паламаў мае косьці; 5 абгарадзіў мяне і абклаў горыччу і цяготаю; 6 пасадзіў мяне ў цёмнае месца, як даўно памерлых; 7 акружыў мяне мурам, каб я ня выйшаў, уцяжыў аковы мае, 8 і хоць я клічу і енчу, нячулы Ён да малітвы маёй; 9 крушнямі загарадзіў мне дарогі, скрывіў сьцежкі мае. 10 Ён мне стаўся як бы мядзьведзь у засадзе, як бы леў у патайным месцы; 11 скрывіў дарогі мае і разарваў мяне, у нівеч абярнуў мяне; 12 напяў лук Свой і паставіў мяне як бы цэлем пад стрэлы; 13 паслаў у ныркі мае стрэлы з калчана Свайго. 14 Я зрабіўся пасьмешышчам усяму народу майму, штодзённаю скрушлівай песняй яго. 15 Ён насыціў мяне горыччу, напаіў мяне палыном; 16 скрышыў камянямі зубы мае, пасыпаў мяне попелам. 17 І адышоў спакой ад душы маёй; я забыўся пра шчасныя дні, 18 і сказаў я: загінула сіла мая і надзея мая на Госпада. 19 Падумай пра цярпеньні мае, пра гароту маю, пра жоўць і палын. 20 Цвёрда памятае гэта душа мая і ападае ўва мне. 21 Вось, што я адказваю сэрцу майму і таму спадзяюся: 22 зь міласьці Госпада мы ня зьніклі, бо ня вычарпаўся Яго мілажаль: 23 ён абнаўляецца кожнае раніцы; вялікая вернасьць Твая! 24 Гасподзь частка мая, кажа душа мая, спадзявацьмуся ж на Яго. 25 Добры Гасподзь з тымі, што на Яго спадзяюцца, з душою, якая шукае Яго. 26 Добра таму, хто цярпліва чакае ратунку ад Госпада. 27 Добра чалавеку, калі ён нясе ярмо ў маладосьці сваёй; 28 сядзіць адасоблена і маўчыць, бо Ён ярмо наклаў на яго; 29 кладзе вусны свае ў пыл, думаючы: "магчыма, яшчэ ёсьць надзея"; 30 падстаўляе шчаку сваю таму, хто яго б'е, здавальняецца ганьбаваньнем, 31 бо не навек пакідае Гасподзь. 32 Але паслаў гора, і ўмілажаліцца зь вялікай даброці Сваёй. 33 Бо Ён не па волі сэрца Свайго карае і засмучае сыноў чалавечых. 34 Але калі топчуць нагамі сваімі ўсіх вязьняў зямлі, 35 калі несправядліва судзяць чалавека перад абліччам Усявышняга, 36 калі чалавека ўціскаюць у дзеях ягоных: хіба ня бачыць Гасподзь? 37 Хто гэта кажа: "І тое бывае, чаму Гасподзь не загадаў быць"? 38 Ці не ад вуснаў Усявышняга адбываецца бедства і посьпех? 39 Навошта наракае чалавек жывы? кожны хай наракае на грахі свае. 40 Выпрабуем і дасьледуем шляхі свае, і зьвернемся да Госпада. 41 Узьнясём сэрца наша і рукі да Бога, сутнага на нябёсах: 42 мы адпалі і ўпарціліся; Ты ня зьлітаваўся: 43 Ты пакрыў Сябе гневам і перасьледаваў нас, забіваў, не шкадуючы; 44 Ты засланіў сябе хмарай, каб не даходзіла наша малітва; 45 сьмецьцем і мярзотаю Ты зрабіў нас сярод народаў. 46 Разьзявілі на нас пашчу сваю ўсе ворагі нашы. 47 Патокі водаў вылівае вока маё па пагібелі дачкі народа майго. 48 Вока маё выліваецца і не перасыхае, бо палёгкі няма, 49 пакуль ня ўгледзіць і ня ўбачыць Гасподзь зь нябёсаў. 50 Вока маё засмучае душу маю дзеля ўсіх дочак майго горада. 51 Па ўсякаму сіліліся вылавіць мяне, як птушку, ворагі мае, бязь ніякай прычыны; 52 укінулі жыцьцё маё ў яму і закідалі мяне камянямі. 53 Воды падняліся да галавы маёй; я сказаў: "загінуў я". 54 Я заклікаў імя Тваё, Госпадзе, зь ямы глыбокай. 55 Ты чуў голас мой; не затулі Тваё вуха ад уздыханьня майго, ад енку майго! 56 Ты набліжаўся, калі я клікаў Цябе, і казаў: ня бойся! 57 Ты абараняў, Госпадзе, дзеі душы маёй; акупляў жыцьцё маё. 58 Ты бачыш, Госпадзе, крыўду маю; рассудзі справу маю. 59 Ты бачыш усю помсьлівасьць іхнюю, усе намыслы іхнія супраць мяне; 60 Ты чуеш, Госпадзе, лаянку іхнюю, усе намыслы іхнія супраць мяне, 61 словы тых, што паўстаюць на мяне, і іхнія хітраваньні супроць мяне дзень у дзень. 62 Паглядзі, ці сядзяць яны, а ці ўстаюць, я для іх - песьня. 63 Аддай ім, Госпадзе, паводле дзеяў рук іхніх; 64 пашлі ім памрочышча сэрца і пракляцьце Тваё на іх; 65 перасьледуй іх, Госпадзе, гневам тваім, і вынішчы іх з паднябеснай. |
SAPE |
© The FontCity, ltd, 2011