![]() | ||
---|---|---|
Новый Завет Уэсткотта-Хорта (27) Библия на украинском языке (66) Новый Завет Нестле-Аланда (27) Библия на белорусском языке (66) |
Бiблiя беларуская - пераклад Василя Сёмухи Кнгiга Судзьдзяў 1 І прысягнулі Ізраільцяне ў Масіфе, кажучы: ніхто з нас не аддасьць дачкі сваёй сынам Веньяміна замуж. 2 І прыйшоў народ у дом Божы, і сядзелі там да вечара перад Богам, і нарабілі вялікага галасу, і моцна плакалі, 3 і сказалі: Госпадзе, Божа Ізраілеў! навошта здарылася гэта ў Ізраілі, што ня стала цяпер у Ізраіля аднаго племя? 4 На другі дзень устаў народ раніцай, і паставілі там ахвярнік, і прынесьлі цэласпаленьні і мірныя ахвяры. 5 І сказалі сыны Ізраілевыя: хто ня прыходзіў на сход да Госпада з усіх плямёнаў Ізраілевых? Бо вялікі праклён сказаны быў на тых, якія ня прыйшлі да Госпада ў Масіфу, і сказана было, што тыя аддадзены будуць сьмерці. 6 І ўмілажаліліся сыны Ізраілевыя зь Веньяміна, брата свайго, і сказалі: сёньня адцята адно племя ад Ізраіля; 7 што нам рабіць з рэштаю іх, з жанчынамі, калі мы прысягнулі Госпадам не даваць ім жонак з дочак нашых? 8 І сказалі: ці няма каго з плямёнаў Ізраілевых, хто ня прыходзіў перад Госпада ў Масіфу? І выявілася, што зь Явіса Галаадскага ніхто ня прыходзіў перад Госпада ў табар на сход. 9 І агледжаны народ, і вось, ня было там ніводнага з жыхароў Явіса Галаадскага. 10 І паслала туды супольства дванаццаць тысяч чалавек, мужчын дужых, і далі ім загад, кажучы: ідзеце і пабеце жыхароў Явіса Галаадскага мечам, і жанчын і дзяцей; 11 і вось што зрабеце: кожнага мужчыну і кожную жанчыну, якія зьведалі ложак мужаў, праклянеце. 12 І знайшлі яны сярод жыхароў Явіса Галаадскага чатырыста дзяўчат, якія ня зьведалі ложка мужавага, і прывялі іх у табар у Сілом, што ў зямлі Ханаанскай. 13 І паслала ўсё супольства перагаварыць з сынамі Веньямінавымі, якія былі ў скале Рымоне, і абвясьціла ім мір. 14 Тады вярнуліся сыны Веньяміна, і далі ім жонак, якіх пакінулі жывымі з жанчын Явіса Галаадскага; але выявілася, што гэтага было недастаткова. 15 А народ шкадаваў Веньяміна, што Гасподзь не захаваў цэласьці плямёнаў Ізраілевых. 16 І сказалі старэйшыны супольства: што нам рабіць з астатнімі, што да жонак, бо зьнішчаны жанчыны ў Веньяміна? 17 І сказалі: спадчынная зямля няхай застаецца ацалелым сынам Веньяміна, каб ня зьнікла племя зь Ізраіля; 18 але мы ня можам даць ім жонак з дочак нашых. Бо сыны Ізраілевыя прысягнуліся, кажучы: пракляты, хто дасьць жонку Веньяміну; 19 І сказалі: вось, кожны год бывае сьвята Гасподняе ў Сіломе, што на поўначы ад Вэтыля і на ўсход ад дарогі, якая вядзе з Вэтыля ў Сіхем, і на поўдзень ад Левоны. 20 І загадалі сынам Веньяміна і сказалі: ідзеце і засядзьце ў вінаградніках, 21 і глядзеце, калі выйдуць дзяўчаты Сіломскія скакаць у карагодах: тады выйдзіце зь вінаграднікаў і схапеце сабе кожны жонку зь дзяўчат Сіломскіх і ідзеце ў зямлю Веньямінавую; 22 і калі прыйдуць бацькі іхнія, альбо браты іхнія са скаргаю да нас, мы скажам ім: прасеце нас за іх, бо мы не ўзялі кожнаму зь іх жонкі на вайне, і вы не далі ім; цяпер вы вінаватыя. 23 Сыны Веньяміна так і зрабілі, і ўзялі жонак паводле ліку свайго з тых, што былі ў карагодзе, якіх яны захапілі, і пайшлі і вярнуліся ў надзел свой, і пабудавалі гарады і пачалі жыць у іх. 24 У той самы час Ізраільцяне разышліся адтуль кожны ў племя сваё і ў род свой, і пайшлі адтуль кожны ў надзел свой. 25 У тыя дні ня было цара ў Ізраіля; кожны рабіў тое, што яму здавалася правільным. |
SAPE |
© The FontCity, ltd, 2011