![]() | ||
---|---|---|
Новый Завет Уэсткотта-Хорта (27) Библия на украинском языке (66) Новый Завет Нестле-Аланда (27) Библия на белорусском языке (66) |
Бiблiя беларуская - пераклад Василя Сёмухи Ёiль 1 Бо вось, у тыя дні і ў той самы час, як Я вярну палон Юды і Ерусаліма, 2 Я зьбяру ўсе народы і прывяду іх у даліну Ёсафата і там учыню над імі суд за народ Мой і за спадчыну Маю, Ізраіля, якую яны расьсеялі паміж народамі, і зямлю Маю падзялілі. 3 І на народ Мой яны кідалі жэрабя і аддавалі падлетка за блудадзейку, і прадавалі дзяўчынку за віно і пілі. 4 Што вы Мне, Тыр і Сідон і ўсе навакольлі Філістымскія? Ці хочаце заплаціць Мне помстай? ці хочаце адплаціць мне? лёгка і хутка Я абярну помсту вашую на галовы вашыя, 5 бо вы ўзялі срэбра Маё і золата Маё, і найлепшыя каштоўнасьці Мае ўнесьлі ў капішчы вашыя, 6 і сыноў Юды і сыноў Ерусаліма прадавалі сынам Элінаў, каб аддаліць іх ад межаў іхніх. 7 Вось, я падыму іх з таго месца, куды вы прадалі іх, і абярну адплату вашу на галаву вашу. 8 І аддам сыноў вашых і дачок вашых у рукі сыноў Юды, і яны прададуць іх Савэям, народу аддаленаму; так сказаў Гасподзь. 9 Абвясьцеце пра гэта паміж народамі, падрыхтуйцеся да вайны, разбудзеце адважных; хай выступяць, падымуцца ўсе ваяры. 10 Перакуйце аралы вашыя на мечы і сярпы вашыя - на дзіды; слабы хай гаворыць: я дужы. 11 Сьпяшайцеся і сыходзьцеся; туды, Госпадзе, вядзі Тваіх герояў. 12 Хай падымуцца народы і сыдуць у даліну Ёсафата; бо там Я сяду, каб судзіць усе народы адусюль. 13 Пусьцеце ў ход сярпы, бо жніва пасьпела; ідзеце, спусьцецеся, бо чавільня поўная і падчавільнік пераліваецца, бо злосьць іх вялікая. 14 Тлумы, тлумы ў даліне суду! бо блізкі день Гасподні да даліны суду! 15 Сонца і месяц памеркнуць, і зоркі страцяць бляск свой. 16 І загрыміць Гасподзь зь Сіёна і дасьць голас Свой зь Ерусаліма; здрыгануцца неба і зямля; але Гасподзь будзе абаронаю народу Свайму і абаронаю сынам Ізраілевым. 17 Тады ўведаеце, што Я - Гасподзь Бог ваш, Які жыве на Сіёне, на сьвятой гары Маёй; і будзе Ерусалім сьвятыняю, і ня будуць ужо іншапляменцы праходзіць празь яго. 18 І будуць у той дзень: горы будуць капаць віном і пагоркі пацякуць малаком і ўсе рэчышчы Юдэйскія напоўняцца вадою, а з дома Гасподняга выйдзе крыніца і будзе напойваць даліну Сітым. 19 Егіпет зробіцца пустыняю, і Эдом будзе пустым стэпам - за тое, што яны ўціскалі сыноў Юдавых і пралівалі невінаватую кроў у зямлі іхняй. 20 А Юда будзе жыць вечна і Ерусалім - у роды родаў. 21 Я змыю кроў іх, якую ня змыў яшчэ, і Гасподзь будзе жыць на Сіёне. |
SAPE |
© The FontCity, ltd, 2011