![]() | ||
---|---|---|
Новый Завет Уэсткотта-Хорта (27) Библия на украинском языке (66) Новый Завет Нестле-Аланда (27) Библия на белорусском языке (66) |
Бiблiя беларуская - пераклад Василя Сёмухи Iсая 1 Слухайце Мяне, выспы, і ўважайце, народы далёкія: Гасподзь паклікаў Мяне ад улоньня, ад нутробы маці Маёй назваў імя Маё; 2 і зрабіў вусны Мае, як востры меч; ценем рукі Сваёй накрываў Мяне, і зрабіў Мяне стралою завостранаю: у калчане Сваім захоўваў Мяне; 3 і сказаў Мне: ты раб Мой, Ізраіле, - у табе Я праслаўлюся. 4 А Я сказаў: дарма Я працаваў, на нішто і марна нікчэмніў сілу Сваю. Але Маё права - у Госпада, і ўзнагарода Мая - у Бога Майго. 5 І сёньня кажа Гасподзь, Які выгадаваў Мяне ад улоньня рабом Сабе, каб павярнуць да Яго Якава, і каб Ізраіль сабраўся ў Яго; Я ўшанаваны ў вачах Госпада, і Бог мой - сіла Мая. 6 І Ён сказаў: мала таго, што ты будзеш рабом Маім на ўзнаўленьне каленаў Ізраілевых і дзеля вяртаньня рэшты Ізраіля, але Я зраблю Цябе сьвятлом народаў, каб ратаваньне Маё пашырылася да краю зямлі. 7 Так кажа Гасподзь, Адкупнік Ізраіля, Сьвяты Яго, пагарджанаму ўсімі, клятаму народам, рабу ўладароў: цары ўбачаць - і ўстануць; князі паклоняцца дзеля Госпада, Які верны, дзеля Сьвятога Ізраілевага, Які выбраў Цябе. 8 Так кажа Гасподзь: у час спрыяльны Я пачуў Цябе, і ў дзень выратаваньня дапамог Табе; і Я буду ахоўваць Цябе і зраблю Цябе запаветам народу, каб узнавіць зямлю, каб вярнуць спадчыньнікам спадчыну спусташэньня, 9 сказаў вязьням: "выходзьце", і тым, якія ў цемры: "пакажэцеся". Яны пры дарогах будуць пасьвіць, і на ўсіх пагорках будуць пашы іхнія; 10 ня будуць цярпець голаду і смагі, і не дастане іх сьпёка і сонца; бо Той, Хто мілуе іх, будзе весьці іх і прывядзе іх да крыніцы водаў. 11 І ўсе горы Мае зраблю шляхам, і дарогі Мае будуць паднятыя. 12 Вось, яны прыйдуць здалёку; і вось, - адны з поўначы і мора, а другія - зь зямлі Сінім. 13 Радуйцеся, нябёсы, і весяліся, зямля, і гудзеце, горы, ад радасьці; бо суцешыў Гасподзь народ Свой і памілаваў пакутнікаў Сваіх. 14 А Сіён казаў: "пакінуў мяне Гасподзь, і Бог мой забыў мяне!" 15 Ці забудзе жанчына немаўля сваё, каб не пашкадаваць сына ўлоньня свайго? але калі б і яна забыла, дык Я не забуду цябе. 16 Вось, Я накрэсьліў цябе на далонях Маіх; сьцены твае заўсёды перада Мною. 17 Сыны твае пасьпяшаюцца да цябе, а руйнавальнікі і спусташальнікі твае пойдуць ад цябе. 18 Узьвядзі вочы твае і паглядзі навокал, - усе яны зьбіраюцца, ідуць да цябе. Жыву Я! кажа Гасподзь, ва ўсе іх ты апранешся, як ва ўбранства, і ўбярэшся ў іх, як нявеста. 19 Бо руіны твае і пустыні твае і спустошаная зямля твая - будуць цяпер занадта цесныя жыхарам, і тыя, што глыталі цябе, адыдуць ад цябе. 20 Дзеці, якія будуць у цябе пасьля страты ранейшых, скажуць уголас табе: "цеснае мне месца; саступі мне, каб я мог жыць". 21 І ты скажаш у сэрцы тваім: "хто мне нарадзіў іх? я была бязьдзетная і бясплодная, адведзена ў палон і выгнана; хто ж выгадаваў іх? - вось, я заставалася адзінокая; дзе ж яны былі?" 22 Так кажа Гасподзь Бог: вось, Я падыму руку Маю да народаў, і выстаўлю сьцяг Мой плямёнам, - і прынясуць сыноў тваіх на руках і дачок тваіх на плячах. 23 І будуць цары карміцелямі тваімі, і царыцы іх - карміцелькамі тваімі; тварам да зямлі будуць кланяцца табе і лізаць пыл ног тваіх, і ўведаеш, што Я - Гасподзь, што тыя, хто спадзяецца на Мяне, ганьбы ня мецьмуць. 24 Ці можа быць адабрана ў дужага здабыча, і ці могуць быць адабраны ў пераможцы палонныя? 25 Так! так кажа Гасподзь: і палонныя дужым будуць адабраныя, і здабыча тырана будзе вызвалена; бо я буду спаборнічаць з супраціўнікамі тваімі і сыноў тваіх Я выратую; 26 і ўціскальнікаў тваіх накармлю іхняю плоцьцю, і яны будуць упітыя крывёю сваёю, як маладым віном; і ўсякая плоць даведаецца, што Я - Гасподзь, Збаўца твой і Адкупнік твой, Моцны Якаваў. |
SAPE |
© The FontCity, ltd, 2011