![]() | ||
---|---|---|
Новый Завет Уэсткотта-Хорта (27) Библия на украинском языке (66) Новый Завет Нестле-Аланда (27) Библия на белорусском языке (66) |
Бiблiя беларуская - пераклад Василя Сёмухи Iсая 1 Гора Арыілу, Арыілу, гораду, у якім жыў Давід! прыкладзеце год да года; няхай колюць ахвяры. 2 Але навяду ўціск на Арыіл, і будзе плач і бедаваньне; і ён будзе ў Мяне, як Арыіл. 3 Я стану аблогай вакол цябе і абстаўлю цябе вартаю назіральнаю, і ўзьвяду супроць цябе ўмацаваньні. 4 І будзеш прыніжаны, зь зямлі гаварыцьмеш і глухая будзе мова твая з-пад пылу, і голас твой будзе, як голас духа з нутробы, а мова твая будзе, як шэпт. 5 Мноства ворагаў тваіх будзе, як дробны пыл, і безьліч тыранаў, як разьвеяная мякіна; і гэта станецца раптоўна, у адно імгненьне. 6 Гасподзь Саваоф адведае цябе громам і землятрусам, і моцным голасам, бураю і віхураю, і полымем ўсёпажыральнага агню. 7 І як сон, як начное сьненьне будзе мноства ўсіх народаў, што ваююць супроць Арыіла, і ўсіх, што выступаюць супроць яго і ўмацаваньняў ягоных і абложнікаў яго. 8 І як галоднаму сьніцца, быццам ён есьць, але прачынаецца, і душа ў яго пустая; і як сасьмягламу сьніцца, быццам ён п'е, а прачнецца, і вось ён утохлы, і душа ў яго прагне: тое самае будзе і мноству народаў, якія ваююць супроць гары Сіёна. 9 Зьдзіўляйцеся і дзіву давайцеся; яны асьляпілі іншых, і самі асьлеплі; яны п'яныя, але не ад віна, - хістаюцца, але не ад сікеры; 10 бо навёў на вас Гасподзь дух засынаньня, і зьмежыў вочы вашыя, прарокі, і затлуміў галовы вашыя, празарліўцы. 11 І любое прароцтва для вас тое самае, што слова ў зяпячатанай кнізе, якую падаюць таму, хто ўмее чытаць кнігу, і кажуць: "прачытай яе"; і той адказвае: "не магу, бо яна пад пячаткай". 12 І падаюць кнігу таму, хто чытаць ня ўмее, і кажуць: "прачытай яе"; і той адказвае: "я ня ўмею чытаць". 13 І сказаў Гасподзь: як што людзі гэтыя шануюць Мяне вуснамі сваімі, і языком сваім шануюць Мяне, а сэрца іхняе далёка адлягае ад Мяне, і багавейнасьць іх перад Мною ёсьць вывучэньне запаведзяў чалавечых; 14 дык вось Я буду нязвыкла рабіць з гэтым народам, дзівосна і дзіўна, так што мудрасьць мудрацоў яго згіне, і розуму ў разумных яго не застанецца. 15 Гора тым, якія схаваюцца ў глыбіню, каб намысел свой утоіць ад Госпада, якія дзеюць дзеі свае ў змроку і кажуць: хто ўбачыць нас? і хто пазнае нас? 16 Якое безгалоўе! Хіба можна цаніць ганчара, як гліну? Ці скажа выраб пра вырабшчыка свайго: "ня ён зрабіў мяне?" і ці скажа твор пра мастака свайго: "ён не разумее?" 17 Яшчэ крыху, зусім крыху, і ці не ператворыцца Ліван у сад, а сад ці ня будуць цаніць як лес? 18 І ў той дзень глухія пачуюць словы кнігі, і ўбачаць зь цемры і змроку вочы ў сьляпых. 19 І спрагненыя яшчэ больш будуць радавацца ў Госпадзе, і бедныя людзі цешыцца будуць за Сьвятога Ізраіля; 20 бо ня будзе больш крыўдзіцеля, і агуднік зьнікне, і будуць вынішчаны ўсе паборцы няпраўды, 21 якія блытаюць чалавека ў словах, і на таго, хто патрабуе суду каля брамы, ставяць сеткі, і адціраюць таго, чыя праўда. 22 Пасьля так кажа пра дом Якава Гасподзь, Які адкупіў Абрагама: тады Якаў ня будзе ў сораме, і твар у яго больш не зьбялее, 23 бо, калі ўбачыць у сябе дзяцей сваіх, дзею рук Маіх, дык яны сьвята будуць шанаваць імя Маё і сьвята шанаваць Сьвятога Якаўлевага і багавейна стаяць перад Богам Ізраілевым. 24 Тады духаблукальнікі ўведаюць мудрасьць, і непакорлівыя навучацца паслушэнства. |
SAPE |
© The FontCity, ltd, 2011