![]() | ||
---|---|---|
Новый Завет Уэсткотта-Хорта (27) Библия на украинском языке (66) Новый Завет Нестле-Аланда (27) Библия на белорусском языке (66) |
Бiблiя беларуская - пераклад Василя Сёмухи Быцьцё 1 Тым часам Юда адышоў ад братоў сваіх і пасяліўся паблізу аднаго Адаламіцяніна, імя якога: Хіра. 2 І ўбачыў там Юда дачку аднаго Хананэяніна, імя якога: Шуа; і ўзяў яе і ўвайшоў у яе. 3 Яна зачала і нарадзіла сына; і ён даў яму імя: Ір. 4 І зачала зноў, і нарадзіла сына, і дала яму імя: Анан. 5 І яшчэ нарадзіла сына і дала яму імя: Шэла. Юда быў у Хэзіве, калі яна нарадзіла яго. 6 І ўзяў Юда жонку Іру, першынцу свайму; імя ёй Тамар. 7 Ір, першынец Юдаў, быў неспадобны прад вачыма Госпада, і ўсьмерціў яго Гасподзь. 8 І сказаў Юда Анану: увайдзі да жонкі брата твайго, ажаніся зь ёю, як швагер, і аднаві семя брату твайму. 9 Анан ведаў, што семя будзе не яму; і таму, калі ўваходзіў да жонкі брата свайго, выліваў на зямлю, каб ня даць семя брату свайму. 10 Благое было прад вачыма Госпада тое, што ён рабіў; і Ён усьмерціў яго. 11 І сказаў Юда Тамары, нявестцы сваёй: жыві ўдавою ў доме бацькі твайго, пакуль падрасьце Шэла, сын мой. Бо ён сказаў: не памёр бы і ён, як браты ягоныя. Тамар пайшла і пачала жыць у доме ў бацькі свайго. 12 Прайшло шмат часу, і памерла дачка Шуі, жонка Юдава. Юда суцешыўшыся пайшоў у Тамну, да стрыгалёў быдла ягонага, сам і Хіра, сябар ягоны Адаламіцянін. 13 І паведамілі Тамары, кажучы: вось, сьвёкар твой ідзе ў Тамну стрыгчы быдла сваё. 14 І зьняла яна зь сябе вопратку ўдоўства свайго, накрыла сябе пакрывалам і закрыўшыся села каля брамы Энаіма, што на дарозе ў Тамну. Бо бачыла, што Шэла вырас, і яна ня дадзена яму за жонку. 15 І ўбачыў яе Юда і палічыў яе за распусьніцу, бо яна захінула твар свой. 16 Ён павярнуўся да яе і сказаў: увайду я да цябе. Бо ня ведаў, што гэта - нявестка ягоная. Яна сказала: што ты дасі мне, калі ўвойдзеш да мяне? 17 Ён сказаў: я прышлю табе казьляня са статку. Яна сказала: ці дасі ты мне заклад, пакуль прышлеш? 18 Ён сказаў: які даць табе заклад? Яна сказала: пячатку тваю, і перавязь тваю, і лёску тваю, якая ў руцэ тваёй. І даў ён ёй і ўвайшоў да яе; і яна зачала ад яго. 19 І ўстаўшы пайшла, зьняла зь сябе пакрывала сваё і апранулася ў вопратку ўдоўства свайго. 20 А Юда паслаў казьляня празь сябра свайго Адаламіцяніна, каб забраць заклад з рукі жанчыны; але ён не знайшоў яе. 21 І спытаўся ў жыхароў той мясьціны, кажучы: дзе распусьніца, якая была ў Энаіме пры дарозе? Але яны сказалі: тут ня было распусьніцы. 22 І вярнуўся ён да Юды і сказаў: я не знайшоў яе; ды і жыхары мясьціны той сказалі: тут ня было распусьніцы. 23 Юда сказаў: няхай яна возьме сабе, каб толькі не пачалі з нас сьмяяцца; вось, я пасылаў гэтае казьляня; але ты не знайшоў яе. 24 Прайшло каля трох месяцаў, і сказалі Юду, кажучы: Тамар, нявестка твая, далася ў распусту, і вось, яна цяжарная ад распусты. Юда сказаў: выведзіце яе, і хай яна будзе спалена. 25 Але калі павялі яе, яна паслала сказаць сьвёкру свайму: я цяжарная ад таго, чые гэта рэчы. І сказала: даведайся, чыя гэта пячатка і перавязь і лёска. 26 Юда пазнаў і сказаў: яна справядлівейшая за мяне, бо я ня даў яе Шэлу, сыну майму. І не спазнаваў яе болей. 27 Пад час родаў яе выявілася, што блізьняты ў нутробе ў яе. 28 І пад час родаў яе паказалася рука; і ўзяла бабка-павітуха і навязала яму на руку чырвоную нітку, сказаўшы: гэты выйшаў першы. 29 Але ён вярнуў руку сваю; і вось, выйшаў брат ягоны. І яна сказала: як ты разарваў сабе перашкоду? І дадзена яму імя: Фарэс. 30 Потым выйшаў брат ягоны з чырвонаю ніткаю на руцэ. І дадзена яму імя: Зара. |
SAPE |
© The FontCity, ltd, 2011