![]() | ||
---|---|---|
Новый Завет Уэсткотта-Хорта (27) Библия на украинском языке (66) Новый Завет Нестле-Аланда (27) Библия на белорусском языке (66) |
Бiблiя беларуская - пераклад Василя Сёмухи Быцьцё 1 Жыцьця Саррынага было сто дваццаць сем гадоў: вось гады жыцьця Саррынага: 2 і памерла Сарра ў Кірыят-Арбе, што сёньня Хэўрон, у зямлі Ханаанскай. І прыйшоў Абрагам галасіць па Сарры і аплакваць яе. 3 І адышоў Абрагам ад памерлай сваёй, і казаў сынам Хэтавым, і сказаў: 4 я ў вас прыхадзень і пасяленец: дайце мне ва ўласнасьць месца пад магілу паміж вамі, каб мне памерлую маю пахаваць ад вачэй маіх. 5 Сыны Хэта адказвалі Абрагаму і сказалі яму: 6 паслухай нас, спадару наш; ты князь Божы сярод нас; у найлепшым з нашых пахвальных месцаў пахавай памерлую тваю; ніхто з нас не адмовіць табе пахавальнага месца, дзеля пахаваньня памерлай тваёй. 7 Абрагам устаў і пакланіўся люду зямлі той, сынам Хэтавым; 8 і казаў і сказаў: калі вы згодныя, каб я пахаваў памерлую маю, дык паслухайце мяне, папрасеце за мяне Эфрона сына Цахаравага, 9 каб ён аддаў мне пячору Махпэлу, якая ў яго на канцы поля ягонага, каб за дастатковую цану аддаць яе мне сярод вас, ва ўласнасьць дзеля пахаваньня. 10 А Эфрон сядзеў сярод сыноў Хэтавых. І адказваў Эфрон Хэтэянін Абрагаму ў вушы сыноў Хэта, усіх, хто ўваходзіў у браму горада ягонага, і сказаў: 11 не, спадару мой, паслухай мяне: я даю табе поле і пячору, якая на ім, даю табе, перад вачыма сыноў народу майго табе яе, пахавай памерлую тваю. 12 Абрагам пакланіўся перад людзьмі зямлі той 13 і казаў Эфрону ў вушы люду зямлі той і сказаў: калі паслухаешся, я даю табе за поле срэбра; вазьмі ў мяне, і я пахаваю там памерлую маю. 14 Эфрон адказаў Абрагаму і сказаў яму: 15 спадару мой! паслухай мяне: зямля каштуе чатырыста сікляў срэбра; мне і табе што гэта? пахавай памерлую тваю. 16 Абрагам выслухаў Эфрона; і наважыў Абрагам Эфрону срэбра, колькі ён абвясьціў у вушы сынам Хэтавым, чатырыста сікляў срэбра, якое ходзіць у купцоў. 17 І сталася поле Эфронавае, якое каля Махпэлы, насупраць Мамрэ, поле і пячора, якая на ім і ўсе дрэвы на полі, ва ўсіх межах яго навакол, 18 валоданьнем Абрагамавым перад вачыма сыноў Хэта, усіх, хто ўваходзіць у браму горада ягонага. 19 Пасьля гэтага Абрагам пахаваў Сарру, жонку сваю, у пячоры на полі ў Махпэле, насупраць Мамрэ, што сёньня Хэўрон у зямлі Ханаанскай. 20 Так дасталіся Абрагаму ад сыноў Хэтавых поле і пячора, якая на ім, ва ўласнасьць пад пахаваньне. |
SAPE |
© The FontCity, ltd, 2011