![]() | ||
---|---|---|
Новый Завет Уэсткотта-Хорта (27) Библия на украинском языке (66) Новый Завет Нестле-Аланда (27) Библия на белорусском языке (66) |
Бiблiя беларуская - пераклад Василя Сёмухи Быцьцё 1 Так створаны неба і зямля і ўсё войска іх. 2 І закончыў Бог да сёмага дня ўсе дзеі Свае, якія Ён учыняў, 3 і дабраславіў Бог сёмы дзень і асьвяціў яго; бо ў той дзень спачыў ад усіх дзеяў Сваіх, якія Бог тварыў і ствараў. 4 Вось паходжаньне неба і зямлі, пры стварэньні іх, у той час, калі Гасподзь Бог стварыў зямлю і неба, 5 і ўсякі польны хмызьняк, якога яшчэ ня было на зямлі, і ўсякую польную траву, якая яшчэ не расла; бо Гасподзь Бог не пасылаў дажджу на зямлю, і ня было чалавека, каб урабляць зямлю; 6 але пара падымалася зь зямлі і расіла ўсё ўлоньне зямлі. 7 І стварыў Гасподзь Бог чалавека з пылу зямнога і ўдыхнуў у твар ягоны дыханьне жыцьця, і зрабіўся чалавек душою жывою. 8 І пасадзіў Гасподзь Бог рай у Эдэме на ўсходзе, і зьмясьціў там чалавека, якога стварыў. 9 І выгадаваў Гасподзь Бог зь зямлі кожнае дрэва прыемнае з выгляду і добрае ў ежу, і дрэва жыцьця пасярод раю, і дрэва спазнаньня дабра і зла. 10 З Эдэма выплывала рака на арашэньне раю; і потым разьдзялялася на чатыры ракі. 11 Імя адной Фісон: яна абцякае ўсю зямлю Хавіла, тую, дзе золата; 12 і золата той зямлі добрае; там бдолах і камень анікс. 13 Імя другой ракі Гіхон (Геон): яна абцякае ўсю зямлю Куш. 14 Імя трэцяй ракі Хідэкель (Тыгр): яна працякае перад Асірыяй. Чацьвёртая рака Еўфрат. 15 І ўзяў Гасподзь Бог чалавека, якога стварыў, і пасяліў яго ў садзе Эдэмскім, каб урабляць яго і захоўваць яго. 16 І наказаў Гасподзь Бог чалавеку, кажучы: з кожнага дрэва ў садзе ты будзеш есьці; 17 а з дрэва спазнаньня дабра і зла, ня еж зь яго; бо ў дзень, калі ты пакаштуеш зь яго, сьмерцю памрэш. 18 І сказаў Гасподзь Бог: нядобра быць чалавеку аднаму; створым яму памочніка, адпаведнага яму. 19 Гасподзь Бог утварыў зь зямлі ўсіх жывёл польных і ўсіх птушак нябесных, і прывёў іх да чалавека, каб бачыць, як ён іх назаве, і каб, як назаве чалавек кожную душу жывую, так і было імя ёй. 20 І назваў чалавек імёны ўсяму быдлу і птушкам нябесным і ўсім зьвярам польным; але чалавеку не знайшлося памочніка, падобнага да яго. 21 І навёў Гасподзь Бог на чалавека моцны сон; і, калі ён заснуў, узяў адну рабрыну ягоную, і закрыў тое месца плоцьцю. 22 І стварыў Гасподзь Бог з рабрыны, узятай у чалавека, жанчыну, і прывёў яе да чалавека. 23 І сказаў чалавек: вось, гэта костка ад касьцей маіх і плоць ад плоці маёй; яна будзе называцца жонкаю, бо ўзятая ад мужа свайго. 24 Таму пакіне чалавек бацьку свайго і маці сваю і прылепіцца да жонкі сваёй; і будуць адна плоць. 25 І былі абое голыя, Адам і жонка ягоная, і не саромеліся. |
SAPE |
© The FontCity, ltd, 2011