![]() | ||
---|---|---|
Новый Завет Уэсткотта-Хорта (27) Библия на украинском языке (66) Новый Завет Нестле-Аланда (27) Библия на белорусском языке (66) |
Бiблiя беларуская - пераклад Василя Сёмухи Eзэкiiль 1 І было мне слова Гасподняе ў дзявятым годзе, у дзясятым месяцы, на дзявятым дні месяца: 2 сыне чалавечы! запішы сабе імя гэтага дня, гэтага самага дня: у гэты самы дзень цар Вавілонскі падступіў да Ерусаліма. 3 І вымаві на мяцежны дом прыпавесьць, і скажы ім: так кажа Гасподзь Бог: пастаў кацёл, пастаў і налі ў яго вады; 4 складзі ў яго кавалкі мяса, усе найлепшыя кавалкі, сьцягна і лапаткі, і напоўні адборнымі касьцямі; 5 адборных авечак вазьмі, і запалі пад ім косткі і гатуй датуль, пакуль косткі разварацца ў ім. 6 Таму так кажа Гасподзь Бог: гора гораду крыві! гора катлу, у якім ёсьць накіп і зь якога накіп яго ня сыходзіць! кавалак за кавалкам яго выкідайце зь яго, ня выбіраючы па жэрабі. 7 Бо кроў яго сярод яго; ён пакінуў яе на голай скале: не на зямлю праліваў яе, дзе яна магла б пакрыцца пылам. 8 Каб абудзіць гнеў на ўчыненьне помсты, Я пакінуў кроў яго на голай скале, каб яна не схавалася. 9 Таму так кажа Гасподзь Бог: гора гораду крыві! і Я раскладу вялікае вогнішча. 10 Дадай дроў, раскладзі агонь, вывары мяса; хай усё загусьне і косткі перагараць. 11 І калі кацёл будзе пусты, пастаў яго на жар, каб ён разагрэўся, і каб медзь яго напалілася, і расплавілася ў ім нечысьць яго, і ўвесь накіп яго зьнік. 12 Праца будзе цяжкая; але вялікі накіп яго ня сыдзе зь яго: і ў агні застанецца на ім накіп яго. 13 У нечысьці тваёй такая мярзота, што колькі я ні чышчу цябе, ты ўсё нячысты; ад нечысьці тваёй ты і далей не ачысьцішся, пакуль лютасьці Маёй Я не спатолю над табою. 14 Я Гасподзь, Я кажу: гэта прыйдзе і Я зраблю; не адмяню і не пашкадую і не памілую. Паводле шляхоў тваіх і паводле ўчынкаў тваіх судзіць буду цябе, кажа Гасподзь Бог. 15 І было мне слова Гасподняе: 16 сыне чалавечы! вось, Я вазьму ў цябе пошасьцю ўцеху вачэй тваіх; але ты не наракай і ня плач, і сьлёзы хай ня выступаюць у цябе; 17 уздыхай у маўчаньні, плачу па памерлых ня ўчыняй; а абвязвай сябе павязкаю і абувай ногі твае ў абутак твой, і барады не захінай і хлеба ад чужых ня еж. 18 І пасьля таго як сказаў я раніцай слова народу, увечары памерла жонка мая, і на другі дзень я зрабіў так, як загадана было мне. 19 І сказаў мне народ: ці ня скажаш нам, якое нам значэньне ў тым, што ты робіш? 20 І сказаў я ім: мне было слова Гасподняе: 21 скажы дому Ізраілеваму: так кажа Гасподзь Бог: вось, Я аддам на паглум сьвятыню Маю, апору сілы вашай, уцеху вачэй вашых і радасьць душы вашай, а сыны вашыя і дочкі вашыя, якіх вы пакінулі, загінуць ад меча. 22 І вы рабіцьмеце тое самае, што рабіў я: барады захінаць ня будзеце, і хлеба ад чужых есьці ня будзеце; 23 і павязкі вашыя будуць на галовах вашых, і абутак ваш - на нагах вашых; ня будзеце наракаць і плакаць, а будзеце раставаць ад грахоў вашых і ўздыхаць адзін перад адным. 24 І будзе вам Езэкііль азнакаю: усё, што ён рабіў, збудзецца, уведаеце, што Я - Гасподзь Бог. 25 А што да цябе, сыне чалавечы, дык у той дзень, калі Я вазьму ў іх акрасу славы іхняй, сыноў іхніх і дочак іхніх, 26 у той дзень прыйдзе да цябе адтуль той, хто выратаваўся, каб падаць вестку ў вушы твае. 27 У той дзень пры гэтым выратаваным разамкнуцца вусны твае, і ты будзеш гаварыць і не застанешся ўжо бязмоўны, і будзеш азнакаю ім, і ўведаюць, што Я - Гасподзь. |
SAPE |
© The FontCity, ltd, 2011