![]() | ||
---|---|---|
Новый Завет Уэсткотта-Хорта (27) Библия на украинском языке (66) Новый Завет Нестле-Аланда (27) Библия на белорусском языке (66) |
Бiблiя беларуская - пераклад Василя Сёмухи Выхад 1 Але Гасподзь сказаў Майсею: глядзі, Я паставіў цябе Богам фараону; а Аарон, брат твой, будзе тваім прарокам: 2 ты будзеш гаварыць усё, што Я загадаю табе, а Аарон, брат твой, будзе гаварыць фараону, каб ён адпусьціў сыноў Ізраілевых зь зямлі сваёй; 3 але Я зраблю і ачарсьцьвее сэрца фараонавае і акажу мноства азнакаў Маіх і цудаў Маіх у зямлі Егіпецкай; 4 фараон не паслухаецца вас, і Я накладу руку Маю на Егіпет і выведу войска Маё, народ Мой, сыноў Ізраілевых, зь зямлі Егіпецкай - судамі вялікімі; 5 тады ўведаюць Егіпцяне, што Я Гасподзь, калі працягну руку Маю на Егіпет і выведу сыноў Ізраілевых з асяродзьдзя іхняга. 6 І зрабілі Майсей і Аарон: як загадаў ім Гасподзь, так яны і зрабілі. 7 Майсею было восемдзесят, а Аарону восемдзесят тры гады, калі пачалі гаварыць яны фараону. 8 І сказаў Гасподзь Майсею і Аарону, кажучы: 9 калі фараон скажа вам: зрабеце цуд, дык ты скажы Аарону: вазьмі посах твой і кінь перад фараонам, - ён зробіцца зьмеем. 10 Майсей і Аарон прыйшлі да фараона і зрабілі так, як сказаў ім Гасподзь. І кінуў Аарон посах свой перад фараонам і перад рабамі ягонымі, і ён зрабіўся зьмеем. 11 І паклікаў фараон мудрацоў і чарадзеяў; і гэтыя магі зрабілі тое самае сваімі чарамі: 12 кожны зь іх кінуў свой посах, і яны зрабіліся зьмеямі; але посах Ааронаў праглынуў іхнія посахі. 13 Сэрца фараонава ачарсьцьвела, і ён не паслухаўся іх, як і казаў Гасподзь. 14 І сказаў Гасподзь Майсею: зацялося сэрца фараонавае: ён ня хоча адпусьціць народ. 15 Ідзі да фараона заўтра, вось, ён выйдзе да вады, ты стань на дарозе ў яго, на беразе ракі, і посах, які ператвараецца ў зьмея, вазьмі ў руку тваю, 16 і скажы яму: Гасподзь, Бог Габрэяў, паслаў мяне сказаць табе: адпусьці народ Мой, каб ён учыніў Мне служэньне ў пустыні: але вось, ты дагэтуль не паслухаўся. 17 Так кажа Гасподзь: з гэтага ўведаеш, што Я Гасподзь: вось гэтым посахам, які ў руцэ маёй, я ўдару па вадзе, якая ў рацэ, і яна ператворыцца ў кроў, 18 і рыба ў рацэ памрэ, і рака засьмярдзіць, і Егіпцянам агідна будзе піць ваду з ракі. 19 І сказаў Гасподзь Майсею: скажы Аарону: вазьмі посах твой і працягні руку тваю на воды Егіпцянаў: на рэкі іхнія, на патокі іхнія, на азёры іхнія і на ўсякае зьмясьцілішча водаў іхніх, - і ператворацца ў кроў, і будзе кроў па ўсёй зямлі Егіпецкай і ў драўляным і ў каменным посудзе. 20 І зрабілі Майсей і Аарон, як сказаў Гасподзь. І падняў посах і ўдарыў па вадзе рачной на вачах у фараона і на вачах у рабоў ягоных, і ўся вада ў рацэ ператварылася ў кроў, 21 і рыба ў рацэ вымерла, і рака засьмярдзела, і Егіпцяне не маглі піць з ракі; і была кроў на ўсёй зямлі Егіпецкай. 22 І магі Егіпецкія чарамі сваімі зрабілі тое самае. І зацялося сэрца ў фараона, і не паслухаўся іх, як і казаў Гасподзь. 23 І павярнуўся фараон і пайшоў у дом свой; і сэрца ягонае не пранялося і гэтым. 24 І пачалі капаць усе Егіпцяне каля ракі, каб знайсьці ваду на піцьцё, бо не маглі піць вады з ракі. 25 І споўнілася сем дзён пасьля таго, як Гасподзь ударыў раку. 26 8 27 І сказаў Гасподзь Майсею: ідзі да фараона і скажы яму: так кажа Гасподзь: адпусьці народ Мой, каб ён учыніў Мне служэньне; 28 калі ж ты ня згодзішся адпусьціць, дык вось, Я пакараю ўвесь край твой жабамі: 29 і закішыць рака жабамі, і яны выйдуць і ўвойдуць у дом твой, і ў спальню тваю, і на пасьцель тваю, і ў дамы рабоў тваіх і народу твайго, і ў печы твае, і ў дзежы твае. 30 і на цябе, і на народ твой, і на ўсіх рабоў тваіх узыдуць жабы. 31 І сказаў Гасподзь Майсею: скажы Аарону: працягні руку тваю з посахам тваім на рэкі, на патокі і на азёры, і навядзі жаб на зямлю Егіпецкую. 32 Аарон працягнуў руку сваю на воды Егіпецкія; і выйшлі жабы і пакрылі зямлю Егіпецкую. 33 Тое самае зрабілі і магі чарамі сваімі і навялі жаб на зямлю Егіпецкую. 34 І паклікаў фараон Майсея і Аарона і сказаў: памалецеся Госпаду, каб Ён вывеў жаб ад мяне і ад народу майго, і я адпушчу народ Ізраільскі прынесьці ахвяру Госпаду. 35 Майсей сказаў фараону: назнач мне сам, калі памаліцца за цябе, за рабоў тваіх і за народ твой, каб жабы зьніклі ў цябе, у дамах тваіх, і засталіся толькі ў рацэ. 36 Ён сказаў: заўтра. Майсей адказваў: будзе паводле слова твайго, каб ты ўведаў, што няма нікога, як Гасподзь Бог наш; 37 і сыдуць жабы ад цябе, ад дамоў тваіх, і ад рабоў тваіх і ад твайго народу; толькі ў рацэ яны застануцца. 38 Майсей і Аарон выйшлі ад фараона, і Майсей заклікаў Бога пра жаб, якіх ён навёў на фараона. 39 І зрабіў Гасподзь паводле слова Майсеевага: жабы вымерлі ў дамах, на дварах і ў палях; 40 і сабралі іх у кучы, і засьмярдзела зямля. 41 І ўбачыў фараон, што зрабілася палёгка, і зацяў сэрца сваё, і не паслухаўся іх, як і казаў Гасподзь. 42 І сказаў Гасподзь Майсею: скажы Аарону: працягні посах твой і ўдар у грудзі зямныя, і зробіцца заедзь па ўсёй зямлі Егіпецкай. 43 Так яны і зрабілі: Аарон працягнуў руку сваю з посахам сваім, ударыў у грудзі зямныя, і зьявілася заедзь на людзях і на быдле. Усе грудзі зямныя пакрыліся заедзьдзю па ўсёй замлі Егіпецкай. 44 Стараліся таксама і магі чарамі сваімі ўтварыць заедзь, але не маглі. І была заедзь на людзях і на быдле. 45 І сказалі магі фараону: гэта палец Божы. Але сэрца фараонава зацялося і ён не паслухаўся іх, як і казаў Гасподзь. 46 І сказаў Гасподзь Майсею: заўтра ўстань рана і зьявіся перад аблічча фараона. Вось, ён пойдзе да вады, і ты скажы яму: так кажа Гасподзь: адпусьці народ Мой, каб ён учыніў Мне служэньне. 47 а калі не адпусьціш нарорду Майго, дык вось, Я нашлю на цябе і на рабоў тваіх сабачых мух, і напоўняцца дамы Егіпцянаў сабачымі мухамі і самая зямля, на якой яны жывуць; 48 і аддзялю таго ж дня зямлю Гесэм, на якой жыве народ Мой, і там ня будзе сабачых мух, каб ты ведаў, што Я Гасподзь сярод зямлі: 49 Я зраблю падзел паміж народам Маім і паміж народам тваім. Заўтра будзе гэтая азнака. 50 Так і зрабіў Гасподзь: наляцела мноства сабачых мух у дом фараонаў, і ў дамы рабоў ягоных, і на ўсю зямлю Егіпецкую: загінула зямля ад сабачых мух. 51 І паклікаў фараон Майсея і Аарона і сказаў: ідзеце, прынясеце ахвяру Богу вашаму ў той зямлі. 52 Але Майсей сказаў: нельга гэтага зрабіць, бо агіднае Егіпцянам ахвяраваньне наша Госпаду, Богу нашаму: калі мы агідную Егіпцянам ахвяру будзем прыносіць на вачах у іх, дык ці не пабэюць яны нас камянямі? 53 Мы пойдзем у пустыню, на тры дні дарогі, і прынясём ахвяру Госпаду, Богу нашаму, як скажа нам. 54 І сказаў фараон: я адпушчу вас прынесьці ахвяру Госпаду Богу вашаму ў пустыні, толькі не заходзьце далёка; памалецеся за мяне. 55 Майсей сказаў: вось, я выходжу ад цябе і памалюся Госпаду, і сыдуць сабачыя мухі ад фараона, і ад рабоў ягоных, і ад народу ягонага заўтра; толькі фараон няхай перастане ашукваць, не адпускаючы народ прынесьці ахвяру Госпаду. 56 І выйшаў Майсей ад фараона і памаліўся Госпаду. 57 І зрабіў Гасподзь паводле слова Масеевага і зьвёў сабачых мух ад фараона, ад рабоў ягоных і ад народу ягонага: не засталося ніводнай. 58 Але фараон зацяў сэрца сваё і гэтым разам і не адпусьціў народу. |
SAPE |
© The FontCity, ltd, 2011