![]() | ||
---|---|---|
Новый Завет Уэсткотта-Хорта (27) Библия на украинском языке (66) Новый Завет Нестле-Аланда (27) Библия на белорусском языке (66) |
Бiблiя беларуская - пераклад Василя Сёмухи Выхад 1 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць: 2 у першы месяц, у першы дзень месяца пастаў скінію сходу, 3 і пастаў у ёй каўчэг адкрыцьця, і захіні каўчэг заслонаю; 4 і ўнясі стол і пастаў на ім усе рэчы яго, і ўнясі сьвяцільню і пастаў на ёй лампады яе; 5 і пастаў залаты ахвярнік, каб дыміць перад каўчэгам адкрыцьця, і павесь заслону на ўваходзе ў скінію; 6 і пастаў ахвярнік цэласпаленьня перад уваходам у скінію сходу; 7 і пастаў умывальнік паміж скініяй сходу і ахвярнікам і налі ў яго вады; 8 і пастаў двор вакол і павесь заслону ў браме двара. 9 І вазьмі алею памазаньня, і памаж скінію і ўсё, што ў ёй, і асьвяці яе і ўсе прылады яе, і будзе сьвята; 10 памаж ахвярнік цэласпаленьня і ўсе прылады яго і асьвяці ахвярнік, і будзе ахвярнік сьвятыня вялікая; 11 і памаж умывальнік і падножжа яго і асьвяці яго. 12 І прывядзі Аарона і сыноў ягоных да ўваходу ў скінію сходу і абмый іх вадою; 13 і апрані Аарона ў сьвяшчэннае адзеньне, і памаж яго, і асьвяці яго, каб ён быў сьвятаром Мне. 14 І сыноў ягоных прывядзі, і апрані іх у хітоны, 15 і памаж іх, як памазаў ты бацьку іхняга, каб яны былі сьвятарамі Мне, і памазаньне іх прысьвеціць іх у вечнае сьвятарства ў роды іхнія. 16 І зрабіў Майсей усё: як загадаў яму Гасподзь, так і зрабіў. 17 У першы месяц другога года, у першы дзень месяца пастаўлена скінія. 18 І паставіў Майсей скінію, паклаў падножжы яе, паставіў брусы яе, паклаў жэрдкі і паставіў слупы яе, 19 напяў покрыва над скініяю і паклаў века паверсе гэтага покрыва, як загадаў Гасподзь Майсею. 20 І ўзяў і паклаў адкрыцьцё ў каўчэг, і ўклаў жэрдкі ў колцы каўчэга, і паклаў века на каўчэг зьверху; 21 і ўнёс каўчэг у скінію, і павесіў заслону, і засланіў каўчэг адкрыцьця, як загадаў Гасподзь Майсею. 22 І паставіў стол у скініі сходу на паўночным баку скініі, паза заслонаю, 23 і расклаў на ім рад хлябоў перад Госпадам, як загадаў Гасподзь Майсею. 24 І паставіў сьвяцільню ў скініі сходу насупраць стала, на паўднёвым баку скініі, 25 і паставіў лампаду перад Госпадам, як загадаў Гасподзь Майсею. 26 І паставіў залаты ахвярнік у скініі сходу перад заслонаю 27 і задыміў на ім пахучае дымленьне, як загадаў Гасподзь Майсею. 28 І павесіў заслону пры ўваходзе ў скінію; 29 і ахвярнік цэласпаленьня паставіў каля ўваходу ў скінію сходу і прынёс на ім цэласпаленьні і ахвяру хлебную, як загадаў Гасподзь Майсею. 30 І паставіў умывальнік паміж скініяй сходу і ахвярнікам і наліў у яго вады для абмываньня, 31 і абмывалі зь яго Майсей і Аарон і сыны ягоныя рукі свае і ногі свае; 32 калі яны ўваходзілі ў скінію і падыходзілі да ахавярніка, тады і абмывалі, як загадаў Гасподзь Майсею. 33 І паставіў двор вакол скініі і ахвярніка і павесіў заслону ў браме двара. І так закончыў Майсей дзею. 34 І ўкрыла воблака скінію сходу. 35 І ня мог Майсей увайсьці ў скінію, бо засланяла яго воблака, і слава Гасподняя напаўняла скінію. 36 Калі падымалася воблака ад скініі, тады выпраўляліся ў дарогу сыны Ізраілевыя падчас усяго падарожжа свайго; 37 калі ж не падымалася воблака, дык і яны не выпараўляліся ў дарогу, пакуль яно не падымалася; 38 бо воблака Гасподняе стаяла над скініяй удзень, і агонь быў уначы ў ёй перад вачыма ўсяго дома Ізраілевага падчас усяго падарожжа іхняга. |
SAPE |
© The FontCity, ltd, 2011