![]() | ||
---|---|---|
Новый Завет Уэсткотта-Хорта (27) Библия на украинском языке (66) Новый Завет Нестле-Аланда (27) Библия на белорусском языке (66) |
Бiблiя беларуская - пераклад Василя Сёмухи Экклезiяст 1 Усё гэта ў сэрца я ўзяў, каб дазнацца, што праведнікі і грэшнікі і іх учынкі - у Божай руцэ і што чалавек ні любові ні злосьці ня знае ва ўсім, што перад ім. 2 Усяму і ўсім - адно: адна доля праведніку і бязбожнаму, добраму і ліхому, чыстаму і нячыстаму, таму, хто прыносіць ахвяры, і таму, хто ахвяр ня прыносіць; як дабрачыннаму, так і грэшнаму; як таму, хто прысягаецца, так і таму, хто цураецца клятвы. 3 Вось гэта ёсьць ліха ва ўсім, што пад сонцам робіцца, што адна доля ўсім, і сэрца сыноў чалавечых напоўнена злом, і неразумнасьць у сэрцы ў іх, у жыцьці іхнім; а потым яны адыходзяць да мёртвых. 4 Хто сярод жывых, той мае яшчэ надзею, бо і сабаку жывому лепей, чым мёртваму льву. 5 Жывыя ведаюць, што памруць, а мёртвыя нічога ня ведаюць, і ўжо ім аддзякі няма, бо і памяць пра іх адышла ў забыцьцё, 6 і любоў іхняя, і нянавісьць іхняя, і зайздрасьць іхняя ўжо зьніклі, і няма болей учты ім вавекі ні ў чым, што пад сонцам робіцца. 7 Дык вось, ідзі, з радасьцю еж твой хлеб, у радасьці сэрца пі віно тваё, калі будзе на справы твае добрая Божая воля. 8 Хай сьветлай будзе ва ўсякую пору адзежа твая і хай не абсохне алей на тваёй галаве. 9 Радуйся жыцьцю з жонкай тваёю, якую кахаеш, ва ўсе часіны жыцьця твайго марнага, якое даў табе Бог пад сонцам на ўсе дні твайго марнага веку; бо гэта - доля твая ў жыцьці і ў працы тваёй, якую ты робіш пад сонцам. 10 Усё, што можа зрабіць твая рука, па сіле рабі; бо ў магіле, у якую ты ляжаш, няма ні працы, ні разважаньня, ні ведаў, ні мудрасьці. 11 І зноў я пабачыў пад сонцам, што ня ўвішным пасьпяховы бег дастаецца, не адважным - перамога, ня мудрым - хлеб, і не ў разумных - багацьце, і ня ўмельцам - прыхільнасьць, а ад пары й нагоды залежаць яны. 12 Бо чалавек сваёй пары ня знае. Як рыбы ловяцца ў згубную сетку, як птушкі ў сілах заблытваюцца, так сыны чалавечыя за ліхі час хапаюцца, калі ён раптоўна находзіць на іх. 13 Яшчэ вось якую мудрасьць пад сонцам я ўгледзеў, і яна мне здалася важнаю: 14 горад невялікі, і людзей у ім небагата; падступіўся да яго вялікі цар, і атачыў яго шчыльна, і падрыхтаваў супроць яго аблогу; 15 але знайшоўся ў ім мудры бядняк, і ён выратаваў мудрасьцю горад; але ж потым ніхто не згадаў таго бедака. 16 І сказаў я: мудрасьць лепшая за сілу, але мудрасьць бедняка заняхайваецца, і словаў ягоных ня слухаюць. 17 Словы мудрых, спакойныя, выслухоўваюцца лепей, чым крык валадара сярод дурняў. 18 Мудрасьць лепшая за вайсковую зброю; але адзін грэшнік загубіць многа дабра. |
SAPE |
© The FontCity, ltd, 2011