![]() | ||
---|---|---|
Новый Завет Уэсткотта-Хорта (27) Библия на украинском языке (66) Новый Завет Нестле-Аланда (27) Библия на белорусском языке (66) |
Бiблiя беларуская - пераклад Василя Сёмухи Экклезiяст 1 Хто ёсьць - як мудрэц, і хто разумее значэньне слова? Мудрасьць прасьвятляе чалавеку аблічча яго, і суровасьць твару яго зьмяняецца. 2 Я кажу: трымайся царскага слова, і гэта дзеля прысягі перад Богам. 3 Не сьпяшайся ўхіляцца аблічча яго і не зацінайся ў слове благім; бо ён усё можа зрабіць, што захоча. 4 Дзе слова цара, там улада, і хто яму скажа: "што ты робіш?". 5 Хто выконвае запаведзь, той не зазнае нічога ліхога. Сэрца мудрага ведае час і ўправу; 6 бо на ўсякую рэч ёсьць свая пара і ўправа; а чалавеку вялікае ліха з таго, 7 бо ня ведае ён, што будзе; і як яно будзе - хто скажа яму? 8 Чалавек ня мае ўлады над духам, каб дух утрымаць, і няма ў яго ўлады над сьмертнай часінай, і няма збавеньня ў гэтым змаганьні, і не ўратуе бязбожнасьць бязбожніка. 9 Усё гэта бачыў я і да сэрца майго браў усякую справу, якая пад сонцам чыніцца. Бывае час, калі чалавек валадарыць над чалавекам на шкоду яму. 10 Бачыў тады я, што хавалі бязбожных, і прыходзілі ў магілу, і адыходзілі далёка ад сьвятога месца, і забывалі ў горадзе іх, што жылі праведна. І гэта - марнасьць! 11 Няскора ўчыняецца суд над благімі справамі; таму не баіцца сэрца сыноў чалавечых чыніць ліхату. 12 Хоць сто разоў робіць грэшнік ліхое і зацінаецца ў тым, але ведаю я, што добра будзе богабаязным, якія перад абліччам Ягоным стаяць багавейна; 13 а бязбожнаму добра ня будзе, і як цень, нядоўга стаяцьме той, хто перад Богам не багавейны. 14 Ёсьць на зямлі і такая марнота: праведнага спасьцігае тое, чаго заслугоўваюць дзеі бязбожных, а зь бязбожнымі чыніцца тое, чаго заслугоўваюць дзеі праведнікаў. І сказаў я: і гэта - марнасьць! 15 І ўславіў я радасьць; бо няма лепшага чалавеку пад сонцам, як есьці, піць і радавацца; гэта ідзе зь ім у працы ў дні жыцьця яго, якія даў яму Бог пад сонцам. 16 Калі паклаў я на сэрца помысел мой, каб мудрасьць спазнаць і пабачыць справы, што робяцца на зямлі і сярод якіх чалавек ані ўдзень, ані ўночы спачыну ня мае: 17 тады я і ўбачыў усе дзеі Божыя і зразумеў, што ня можа чалавек спазнаць дзеі пад сонцам. Колькі б ні працаваў чалавек, каб дашукацца, а не зразумее таго; і калі б сказаў які-небудзь мудрэц, што ён ведае, - а ня здолее ён даўмецца да таго. |
SAPE |
© The FontCity, ltd, 2011