![]() | ||
---|---|---|
Новый Завет Уэсткотта-Хорта (27) Библия на украинском языке (66) Новый Завет Нестле-Аланда (27) Библия на белорусском языке (66) |
Бiблiя беларуская - пераклад Василя Сёмухи 2-я Летапiсаў 1 І ўцьвердзіўся Саламон, сын Давідаў, у царстве сваім; і Гасподзь Бог яго быў зь ім, і ўзьнёс яго высока. 2 І загадаў Саламон сабрацца ўсяму Ізраілю: тысячнікам і сотнікам, і судзьдзям, і ўсім начальнікам ва ўсім Ізраілі - узначальцам пакаленьняў. 3 І пайшлі Саламон і ўвесь сход зь ім на вышыню, што ў Гаваоне, бо там была Божая скінія збору, якую спарудзіў Майсей, раб Гасподні, у пустыні. 4 Каўчэг Божы прынёс Давід з Кірыятыярыма на месца, якое падрыхтаваў для яго Давід, зладзіўшы яму скінію ў Ерусаліме. 5 А медны ахвярнік, які зрабіў Вэсэлэіл, сын Урыя, сына Оравага, заставаўся там, перад скініяй Гасподняю, і зыскаў яго Саламон са зборам. 6 І там прад абліччам Госпада, на медным ахвярніку, які перад скініяй сходу, узьнёс Саламон тысячу цэласпаленьняў. 7 У тую ноч зьявіўся Бог Саламону, і сказаў яму: прасі, што Мне даць табе. 8 І сказаў Саламон Богу: Ты стварыў Давіду, бацьку майму, вялікую міласьць і паставіў мяне царом замест яго. 9 Хай жа спраўдзіцца, Госпадзе Божа, слова Тваё да Давіда, бацькі майго. Як што Ты ўцараваў мяне над народам шматлікім, як пыл зямны, 10 дык цяпер дай мне мудрасьць і веданьне, каб я выходзіў перад народам гэтым і ўваходзіў, бо хто можа кіраваць гэтым народам Тваім вялікім? 11 І сказаў Бог Саламону: за тое, што гэта было на сэрцы тваім, і ты не прасіў багацьця, маёмасьці і славы і душы непрыяцеляў тваіх, і таксама не прасіў ты многіх дзён, а прасіў сабе мудрасьці і веданьня, каб кіраваць народам Маім, над якім Я ўцараваў цябе, 12 мудрасьць і веданьне даецца табе, а багацьце і маёмасьць і славу Я дам табе такія, падобных да якіх ня было ў цароў да цябе і ня будзе пасьля цябе. 13 І прыйшоў Саламон з вышыні, што ў Гаваоне, ад скініі сходу, у Ерусалім і валадарыў над Ізраілем. 14 І набраў Саламон калясьніц і коньнікаў; і было ў яго тысяча чатырыста калясьніц і дванаццаць тысяч коньнікаў; і ён разьмясьціў іх у калясьнічных гарадах і пры цары ў Ерусаліме. 15 І зрабіў цар срэбра і золата ў Ерусаліме раўнацэнным простаму каменю, а кедры, па мностве іх, зрабіў раўнацэнным сікаморам, якія на нізкіх мясьцінах. 16 Коней Саламону прыводзілі зь Егіпта і з Кувы: купцы царскія з Кувы атрымалі іх за грошы. 17 Калясьніцу атрымлівалі і дастаўлялі зь Егіпта за шасьцьсот сікляў срэбра, а каня за сто пяцьдзясят. Такім самым чынам яны рукамі сваімі дастаўлялі гэта ўсім царам Хэтэйскім і царам Арамэйскім. |
SAPE |
© The FontCity, ltd, 2011