![]() | ||
---|---|---|
Новый Завет Уэсткотта-Хорта (27) Библия на украинском языке (66) Новый Завет Нестле-Аланда (27) Библия на белорусском языке (66) |
Бiблiя беларуская - пераклад Василя Сёмухи 1-я Летапiсаў 1 І пабудаваў ён сабе дамы ў горадзе Давідавым, і падрыхтаваў месца для каўчэга Божага, і ўладзіў для яго скінію. 2 Тады сказаў Давід: ніхто не павінен насіць каўчэга Божага, акрамя лявітаў, бо іх выбраў Гасподзь на тое, каб насіць каўчэг Божы і служыць яму вавекі. 3 І сабраў Давід усіх Ізраільцян у Ерусалім, каб унесьці каўчэг Божы на месца яго, якое ён дзеля яго падрыхтваў. 4 І склікаў Давід сыноў Ааронавых і лявітаў: 5 з сыноў Каатавых, Урпыіла правадыра і братоў ягоных - сто дваццаць чалавек; 6 з сыноў Мэрарыных, Асаю правадыра і братоў ягоных - дзьвесьце дваццаць чалавек; 7 з сыноў Гірсонавых, Ёіля правадыра і братоў ягоных - сто трыццаць чалавек; 8 з сыноў Элісафанавых, Шэмаю правадыра і братоў ягоных - дзьвесьце; 9 з сыноў Хэўронавых, Эліела правадыра і братоў ягоных - восемдзясят; 10 з сыноў Узіілавых, Амінадава правадыра і братоў ягоных - сто дванаццаць. 11 І паклікаў Давід сьвятароў: Садока і Авіятара, і лявітаў: Урыіла, Асаю, Ёіля, Шэмаю, Эліела і Амінадава, 12 і сказаў ім: вы, начальнікі родаў лявіцкіх, асьвяцецеся самі і браты вашыя, і прынясеце каўчэг Госпада Бога Ізраілевага на месца, якое я падрыхтаваў для яго, 13 бо як раней ня вы гэта рабілі, дык Гасподзь Бог наш пабіў нас за тое, што мы не парупіліся за Яго, як было трэба. 14 І асьвяціліся сьвятары і лявіты дзеля таго, каб несьці каўчэг Госпада Бога Ізраілевага. 15 І панесьлі сыны лявітаў каўчэг Божы, як наказваў Майсей паводле слова Госпада, на плячах, на жэрдзях. 16 І загадаў Давід начальнікам лявітаў паставіць братоў сваіх сьпевакоў з музычнымі інструментамі, з псалтырамі і цытрамі і кімваламі, каб яны гучна ўзьвяшчалі голас радаваньня. 17 І паставілі лявіты Эмана, сына Ёілевага, і з братоў ягоных, Асафа, сына Вэрэхііна, а з сыноў Мэрарыных, братоў іхніх, Этана, сына Кушаі; 18 і зь імі братоў іхніх другарадных: Захара, Бэна, Яазііла, Шэмірамота, Ехііла, Унія, Эліява, Ванэю, Маасэя, Мататыю, Эліфлэуя, Мікнэя і Авэд-Эдома і Еэла, брамнікаў. 19 Эман, Асаф і Этан ігралі гучна на медных кімвалах, 20 а Захар, Азііл, Шэмірамот, Ехііл, Уній, Эліяў, Маасэя і Ванэя - на псалтырах, тонкім голасам. 21 А Мататыя, Эліфлуй, Мікнэй, Авэд-Эдом, Еэл і Азазія - на цытрах, каб рабіць пачатак. 22 А Хэнанія, начальнік лявітаў, быў начальнік сьпеваў, бо быў умельскі ў іх. 23 Вэрэхія і Элкана былі брамнікамі каля каўчэга. 24 Шэванія, Ёсафат, Натанаіл, Амасай, Захар, Ванэя і Эліезэр, сьвятары, трубілі трубамі перад каўчэгам Божым. Авэд-Эдом і Ехія былі брамнікамі каля каўчэга. 25 Так Давід і старэйшыны Ізраілевыя і тысячнікі пайшлі перанесьці каўчэг запавету Гасподняга з дома Авэд-Эдомавага з радасьцю. 26 І калі Бог памагаў лявітам, якія несьлі каўчэг запавета Гасподняга, тады закалолі ў ахвяру сем цялят і сем бараноў. 27 Давід быў апрануты ў вісонную вопратку, а таксама і ўсе лявіты, якія несьлі каўчэг, і сьпевакі, і Хананія начальнік музыкантаў і сьпевакоў. А на Давідзе быў яшчэ ільняны эфод. 28 Так увесь Ізраіль уносіў каўчэг запавета Гасподняга з воклічамі, пад гукі рога і труб і кімвалаў, граючы на псалтырах і цытрах. 29 Калі каўчэг запавета Гасподняга ўваходзіў у горад Давідаў, Мэлхола, дачка Саўлава, глядзела ў акно і, убачыўшы цара Давіда, які скакаў і весяліўся, знікчэмніла яго ў сэрцы сваім. |
SAPE |
© The FontCity, ltd, 2011